Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

З 1 верасня Латвія не прымае друкаванай прадукцыі і шэрагу спажывецкіх тавараў з Беларусі і РФ

02.09.2026 07:52
Гэтую прадукцыю таксама нельга ўвозіць з трэціх краін.
ЛатвіяTanya Keisha/shutterstock

«Забарона ахоплівае друкаваныя кнігі, газеты ды іншую паліграфічную прадукцыю, адзенне, іншыя гатовыя тэкстыльныя вырабы, абутак, галаўныя ўборы, а таксама цацкі, гульні і спартыўныя прылады», — адзначыла прэс-служба Кабінета міністраў.

Мэта забароны на ўвоз — абарона інтарэсаў бяспекі Латвіі, скарачэнне магчымасцей Расіі і Беларусі атрымліваць даходы ад экспарту тавараў, а таксама абмежаванне паступлення ў Латвію расійскіх прапагандысцкіх матэрыялаў.

Адзначаецца, што з 2022 года Латвія скараціла імпарт з Беларусі і Расіі на 91%.

«Гэтая забарона на ўвоз тавараў дапаўняе і іншыя ўжо рэалізаваныя ініцыятывы — санкцыйную палітыку ЕС і гандлёвыя абмежаванні, а таксама раней уведзеныя Латвіяй нацыянальныя абмежаванні на імпарт энергарэсурсаў, сельскагаспадарчай, рыбнай і харчовай прадукцыі з дзяржаў-агрэсараў», — гаворыцца ў паведамленні Кабінета міністраў.

«У далейшым неабходна працягваць аслабляць Расію і Беларусь на глабальным, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях. Варта захоўваць максімальны ціск на расійскую ваенную эканоміку і на Беларусь як дзяржаву-суагрэсара, каб паменшыць здольнасць Расіі фінансаваць вайну і наблізіць дасягненне справядлівага і ўстойлівага міру», — падкрэсліў Кабінет міністраў Латвіі.

Паводле Позірк/яс