Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Дваіх беларусаў асудзілі ў Літве за махлярства пры атрыманні фінансавай дапамогі Еўрасаюзу

02.09.2026 12:07
Двое грамадзян Беларусі, звязаныя з расійскім ВПК, завалодалі канфідэнцыйнай інфармацыяй і паўмільёнам еўра з фонду ЕС праз камерцыйную структуру ў Літве.
 .
Ілюстрацыйны здымак.stevepb/pixabay.com/CC0

Як паведаміла агенцтва BNS, дваіх беларусаў — бацьку і сына — асудзілі за махлярства з фондамі ЕС на палову мільёна еўра і завалоданне стратэгічнай інфармацыяй:

— Віленскі акруговы суд асудзіў дваіх грамадзян Беларусі за махлярства пры атрыманні амаль 0,5 млн еўра фінансавай дапамогі Еўрапейскага Саюза. Асуджаныя ўтойвалі сувязі з вайсковай прамысловасцю Расіі і Беларусі, паведаміла Служба расследаванняў фінансавых злачынстваў, — піша агенцтва.

Следства вызначыла, што праз падкантрольную кампанію ў Літве двое беларускіх грамадзян удзельнічалі ў праекце Агенцтва касмічнай праграмы ЕС (EUSPA). Праект быў накіраваны на распрацоўку высокадакладных прымачоў спадарожнікавай навігацыі для патрэбаў сельскай гаспадаркі з выкарыстаннем сэрвісу высокай дакладнасці Galileo, у тым ліку для кіравання сельгастэхнікай. Агульны бюджэт праекту перавысіў 1 млн еўра, з якіх EUSPA прафінансавала больш за 745 тыс. еўра. Фактычна кампаніі было выплачана 447 272 еўра.

Для атрымання фінансавання кампанія падала дэкларацыю, у якой сцвярджала, што не мае сувязяў з падсанкцыйнымі суб’ектамі і не падлягае абмежаванням ЕС.

Аднак расследаванне паказала, што ў Літве абвінавачаныя фактычна кантралявалі прадпрыемства, зарэгістраванае на іх сваяка з грамадзянствам Літвы і ЗША, — паведамляе BNS. Пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны гэты сваяк быў прызначаны кіраўніком прадпрыемства. Такім чынам яны спрабавалі абысці абмежаванні ЕС для грамадзян Беларусі.

Таксама ўстаноўлены сувязі абвінавачаных з расійскай кампаніяй пад санкцыямі ЕС, у якой яны займалі кіроўныя пасады. Гэтая кампанія распрацоўвала і тэставала чыпы спадарожнікавай навігацыі для вайсковых патрэбаў. Адзін з абвінавачаных у 2020–2021 гадах атрымаў расійскае грамадзянства.

Паводле следства, падаўшы несапраўдныя звесткі пра адсутнасць сувязяў з падсанкцыйнымі асобамі, абвінавачаныя атрымалі доступ да фінансавання, рынку ЕС і прасторава-геаграфічных звестак.

Абвінавачаныя прызналі сваю віну і кампенсавалі шкоду ў памеры 447 272 еўра. Ці атрымалі яны турэмныя тэрміны, не паведамляецца.

Свабода/ав