Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, старшыня ПЦ «Вясна« ды былы палітвязень Алесь Бяляцкі прыняў удзел у дыскусіі пра свабоду і барацьбу за правы чалавека ў Беларусі, якая 5 верасня прайшла ў амстэрдамскім культурным цэнтры «De Balie». У ёй узяла ўдзел таксама філосафка Вольга Шпарага, паведамляе «Вясна».
Алесь Бяляцкі распавёў пра сітуацыю ў краіне, будучыню беларускага грамадства і ўласны досвед праваабарончай дзейнасці і палітычнага зняволення.
— Улады актыўна выступаюць супраць еўрапейскага выбару беларусаў, пераследуюць тых, хто атрымлівае еўрапейскую адукацыю, удзельнічае ў міжнародным грамадскім жыцці, — заявіў старшыня ПЦ «Вясна».
У сваім выступе праваабаронца таксама заклікаў інвеставаць у моладзевае лідарства, даваць маладым лідарам сеткі і навыкі, неабходныя для дзеянняў ва ўсё больш складаных умовах — яны ніколі яшчэ не перажывалі такіх часоў.
— І нарэшце, мы павінны падтрымліваць Украіну, якая змагаецца за ўсіх нас, і падтрымліваць свабодную і суверэнную Беларусь — краіну ў сэрцы Еўропы, фактычна акупаваную Расіяй, якую выкарыстоўваюць супраць Украіны і Еўропы як гібрыдную зброю. І не толькі гібрыдную — Пуцін размясціў сваю ядзерную зброю ў Беларусі, ля мяжы Еўропы. Але беларусы не жадаюць ні гэтай вайны, ні гэтага рэжыму. Яны выразна паказалі гэта ў 2020 годзе, — падкрэсліў нобелеўскі лаўрэат.
Пасля Алеся Бяляцкага перад аўдыторыяй выступіла філосафка і фемінісцкая мыслярка Вольга Шпарага. Яна гаварыла пра ролю фемінісцкай салідарнасці, культуры клопату і мастацкага супраціву ў беларускім дэмакратычным руху.
У цэнтры яе выступу была тэма таго, як салідарнасць і ўзаемная падтрымка дапамагаюць грамадству супрацьстаяць рэпрэсіям і захоўваць здольнасць да супраціву.
аз