Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Беларусі працягваюць актыўна бурыць новыя нафтавыя свідравіны, павялічылі здабычу ў Рэчыцы

10.09.2026 13:30
Агулам Беларусь займае 41-е месца ў свеце па запасах нафты.
НафтаКрыніца: redhawkgroup/pixabay.com/CC0 Public Domain

У дзяржаўным канцэрне «Белнафтахім» паведамілі, што на найбуйнейшым у Беларусі Рэчыцкім нафтавым радовішчы прабурылі шэсць новых свідравін і яшчэ па адной на трох з шасці іншых пляцовак у Гомельскай вобласці. Адзначаецца, што па адной свідравіне прабурылі на Паўднёва-Асташкавіцкім і Масквічоўскім радовішчах, а таксама на Асташкавіцкай пляцоўцы, паведамляе «Свабода».

Паводле інфармацыі Міністэрства прыродных рэсурсаў і наваколля, у Беларусі выявілі 96 радовішчаў нафты, 62 з якіх распрацоўваюцца. Прамысловыя запасы нафты ацэньваюць у 46,2 мільёна тон. Штогод у Беларусі здабываюць менш за 2 мільёны тон нафты.

Аляксандр Лукашэнка неаднойчы заяўляў, што не верыць, каб у Беларусі выкачалі ўсю нафту, і патрабуе шукаць лепш.

Раней у прадпрыемстве «Беларуснафта» заяўлялі аб планах завяршыць разведку запасаў нафты да 2035 года.

Паводле ацэнак спецыялістаў, цяпер ступень вывучанасці перспектыўных тэрыторый у краіне ўжо дасягае каля 70%. Каб наблізіцца да поўнай разведкі, у бліжэйшыя гады плануецца маштабная праграма бурэння — у тым ліку будаўніцтва каля 355 эксплуатацыйных і 176 пошукава-разведвальных свідравін.

Асноўныя работы сканцэнтраваныя ў Прыпяцкім прагіне — галоўным нафтавым рэгіёне краіны. Тут ужо праводзяцца сучасныя 3D-сейсмічныя даследаванні, якія дазваляюць больш дакладна вызначаць месцы залягання вуглевадародаў. Тэктанічная структура займае амаль усю Гомельскую вобласць, а таксама часткова — Мінскую і Брэсцкую.

Да 2030 года плануюць ахапіць сейсмічнымі даследаваннямі ўсе ключавыя зоны, а да 2035-га — стварыць поўную лічбавую мадэль рэгіёну. Эксперты падкрэсліваюць, што гаворка не ідзе пра «бясконцыя» запасы: Беларусь не з’яўляецца буйной нафтавай дзяржавай, але мэтай з’яўляецца максімальна поўнае вывучэнне і выкарыстанне наяўных рэсурсаў.

Агулам Беларусь займае 41-е месца ў свеце па запасах нафты.

аз