Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

МЗС Літвы: Вільня працягне падтрымліваць намаганні ЗША па вызваленні палітвязняў у Беларусі

14.09.2026 13:44
Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс сустрэўся сёння са спецыяльным пасланнікам прэзідэнта ЗША па Беларусі Джонам Коўлам.
    ,  14.09.2026
Джон Коўл і Кястуціс Будрыс, Вільня 14.09.2026крыніца: www.urm.lt

Вызваленне палітычных зняволеных ёсць «надзвычай важнай гуманітарнай мэтай», заявіў міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс, які 14 верасня ў Вільні сустрэўся са спецыяльным пасланнікам прэзідэнта ЗША па Беларусі Джонам Коўлам, паведамляе Позірк.

— Мы высока цэнім лідарства Злучаных Штатаў і намаганні, якія яны робяць для вяртання свабоды людзям, што былі незаконна зняволеныя праз свае перакананні і грамадзянскую дзейнасць, — заявіў міністр замежных спраў Літвы і адзначыў, што Літва «надалей будзе аказваць усю неабходную падтрымку гуманітарным намаганням ЗША, а таксама вызваленым палітвязням».

Кіраўнік літоўскай дыпламатыі падзякаваў прэзідэнту ЗША Дональду Трампу і амерыканскай адміністрацыі за «паслядоўныя намаганні, скіраваныя на вызваленне палітвязняў у Беларусі».

Будрыс таксама звярнуў увагу на тое, што Беларусь па-ранейшаму «шчыльна інтэграваная ў архітэктуру вайсковай сферы і бяспекі РФ, працягвае падтрымліваць агрэсію Расіі супраць Украіны, а таксама садзейнічае ваеннаму ціску на Захад».

Пра тое, што Коўл прыбудзе ў Мінск 15 верасня, Лукашэнка заявіў напрыканцы мінулага тыдня на Абуз-Лясноўскім агульнавайсковым палігоне (Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць).

Апошні раз спецпрадстаўнік Трампа быў у беларускай сталіцы ў сакавіку. Вынікам стала вызваленне 250 палітвязняў, з якіх 15 былі высланыя за мяжу, а астатнім дазволілі застацца ў краіне. Узамен ЗША адмянілі некаторыя санкцыі ў дачыненні да Мінска, у тым ліку звязаныя з экспартам калійных угнаенняў.

Прадстаўнікі дэмакратычных сіл выступаюць за тое, каб у вызваленых была магчымасць заставацца ў Беларусі.

яс