Гаворка ідзе пра 30 тыс. тон хларыду калію, або MOP — найбольш распаўсюджанага віду калійных угнаенняў. Пра будучую пастаўку паведаміла галіновае агенцтва Argus Media, піша Reform.
Пастаўка стане першым фізічным пацвярджэннем аднаўлення камерцыйнага гандлю беларускім каліем са ЗША пасля адмены амерыканскіх абмежаванняў. Аляксандр Лукашэнка 11 верасня заяўляў, што Беларусь пачала ўжо прадаваць калійныя ўгнаенні амерыканскім пакупнікам.
— Хочаце ў нас калійныя ўгнаенні (калі хочаце закупляць) — калі ласка. Мы адразу не можам. Вось у нас вызвалілася. Мы ж закантрактавалі іх на гэты год, на наступны год разгледзім. Цяпер з'явілася магчымасць судна загрузіць (заўтра сапраўды скончым загрузку) — забірайце. Але даўжок вярніце. 43-44 млн долараў нашых у «Сіцібанку» затрымаліся — кампанія, якая з намі супрацоўнічала, заплаціла грошы. У багатай Амерыцы затрымаліся. Вы нам, калі ласка, вярніце гэтыя грошы, — распавёў ён, выступаючы перад журналістамі на Абуз-Лясноўскім палігоне.
Да ўвядзення санкцый кампанія «Gavilon» была адным з асноўных амерыканскіх атрымальнікаў прадукцыі «Беларуськалія» ў Луізіяне. У 2022 годзе «Gavilon Fertilizer» змяніла назву на «MacroSource». ЗША ўвялі санкцыі супраць «Беларуськалія» ў жніўні 2021 года. Пазней пад абмежаванні патрапілі таксама Беларуская калійная кампанія і іншыя звязаныя з галіной структуры. Пасля завяршэння пераходнага перыяду амерыканскім кампаніям было забаронена праводзіць з імі аперацыі.
У снежні 2025 года Вашынгтон абʼявіў аб намеры зняць абмежаванні з беларускага калійнага сектара пасля вызвалення 123 зняволеных. У сакавіку 2026 года Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША — OFAC — выключыла з санкцыйнага спісу «Беларуськалій», Беларускую калійную кампанію і шэраг іншых прадпрыемстваў. Адначасова былі аслаблены абмежаванні ў дачыненні да некалькіх беларускіх фінансавых арганізацый. Амерыканскія ўлады пры гэтым асобна тлумачылі, што адмена санкцый не азначае аўтаматычнай разблакіроўкі маёмасці і грошай, замарожаных падчас дзеяння абмежаванняў. Для іх вяртання могуць запатрабавацца асобныя рашэнні OFAC.
21 верасня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што Вашынгтон працуе над «маштабнай здзелкай» па закупцы калію ў Беларусі. Паводле яго слоў, беларуская прадукцыя павінна каштаваць «істотна танней», чым угнаенні, якія ЗША купляюць у Канады. Канада забяспечвае пераважную частку амерыканскага імпарту калію. Таму партыя абʼёмам 30 тыс. тон будзе мець найперш сімвалічнае значэнне: яна пацвярджае вяртанне беларускага вытворцы на амерыканскі рынак, але сама па сабе не здольна істотна змяніць баланс паставак.
Reform/ав