Святаслава Падвашэцкага Мінскі гарадскі суд першага верасня 2026 года асудзіў да 13 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 328 (незаконны абарот наркотыкаў) і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Акрамя пазбаўлення волі, суд прызначыў штраф у памеры 500 базавых велічыняў.
Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Таму ў адкрытым доступе няма падрабязнасцяў абвінавачання і доказаў, на падставе якіх суд вынес прысуд: па ч. 1 арт. 328 – два гады пазбаўлення волі, па ч. 1 арт. 356 – 12 гадоў пазбаўлення волі. Святаслаў цяпер знаходзіцца ў СІЗА №1 у Мінску.
Мужчына нарадзіўся 15 верасня 1998 года, скончыў лётнае вучылішча ва Украіне, пасля чаго вярнуўся ў Беларусь і праходзіў стажыроўку ў «Белавія». Яго бацька таксама быў пілотам.
Ён працягваў падтрымліваць сувязь з былымі аднакурснікамі. Частка з іх пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне далучылася да Узброеных сіл Украіны. Менавіта перапіска з гэтымі людзьмі магла стаць падставай для пераследу. Незадоўга да затрымання мужчына даслаў знаёмаму фатаграфію самалёта, на якім праходзіў стажыроўку, з паведамленнем пра тое, што будзе на ім лётаць.
Пасля чаго 10 чэрвеня 2025 года яго затрымалі.
Прысуд абскарджваецца і яшчэ не набыў законнай сілы.
Вясна/ав