Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У МУС назвалі сацсетку Threads пагрозай бяспекі

28.09.2026 11:43
Сацсетка Threads на сённяшні момант — гэта сапраўды пагроза бяспецы, заявіла ў эфіры СТВ начальніца ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі Наталля Сахарчук.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Pexels/pixabay.com/CC0 Public Domain

Паводле яе слоў, многія людзі ўвогуле не разумеюць гэтую сацыяльную сетку. Яна таксама прыводзіць дадзеныя, што «у Threads, паводле ўсіх апошніх даследаванняў, у асноўным узроставая катэгорыя ідзе 30-40 гадоў. Гэта самая актыўная катэгорыя, якая таксама хоча быць у трэндзе».

— Усе выдатна зразумелі адно, што дастаткова напісаць нейкую эсэмэску ў Threads… Напрыклад, мне не спадабалася, якія прадукты на паліцы, альбо мне не спадабалася, як паглядзеў на мяне супрацоўнік ДАІ, альбо мне не спадабалася, як прайшоў міма і здзейсніў нейкае дзеянне ў дачыненні да… У нас адразу ўсё размяшчаецца ў сацыяльных сетках , — сказала Наталля Сахарчук.

Сахарчук адзначае, што ў Беларусі «ёсць адно залатое правіла». Яно заключаецца ў тым, што калі вы валодаеце звесткамі аб учыненні злачынства або аб яго падрыхтоўцы, або вы сапраўды ведаеце аб парушэнні, у прыватнасці правілаў дарожнага руху, у вас ёсць такое відэа, то для такіх скарг ёсць чат-бот МУС «Заўсёды побач», ёсць супрацоўнікі міліцыі, ёсць тэлефон 102.

— Але не, на жаль, усе жадаюць сябе раскруціць. Усе забываюцца на элементарнае правіла: за ўсе свае словы трэба адказваць, — кажа Сахарчук.

Яна таксама адзначае, што ўжо ёсць выпадкі, калі за паведамленні ў Threads каралі беларусаў.

— У нас былі неаднаразова выяўленыя падчас маніторынгу такія пасты, за якія людзі панеслі адміністрацыйную адказнасць. А я хачу сказаць, што можна быць прыцягнутым не толькі да адміністрацыйнай адказнасці, але і да крымінальнай. Таму што трэба думаць галавой, што вы размяшчаеце ў любой з сацыяльных сетак, таму што наступствы сябе не прымусяць чакаць, — папярэджвае Сахарчук.

У сувязі з гэтым яна нагадвае, што супрацоўнікі міліцыі працуюць 24 на 7. І гэтак жа 24 на 7 яны праводзяць маніторынг інтэрнэт-прасторы, прычым яны практычна прысутнічаюць усюды і бачаць, дзе што пішуць, як пішуць. І, канешне ж, калі гэта сапраўды інфармацыя, на якую неабходна рэагаваць, рэагаванне адбываецца імгненна.

Люстэрка/ав