Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дамовіўся з Уладзімірам Пуціным аб удзеле «Газпрома» ў будаўніцтве азотнага камбіната ў Беларусі. Пры гэтым ён прапанаваў падключыць да праекта і ЗША, калі тыя зацікаўлены ў закупках азотных угнаенняў.
— З Уладзімірам Уладзіміравічам [Пуціным] дамовіліся, што „Газпром“ падключыцца ў нас да рэалізацыі праекту па будаўніцтве азотнага камбіната. Трэба амерыканцам прапанаваць. Яны хочуць угнаенні — азотныя ў тым ліку, — калі ласка, давайце разам пабудуем. Па вашай тэхналогіі. Вы, «Газпром» і Беларусь, — заявіў Лукашэнка 29 верасня на сустрэчы з губернатарам Ульянаўскай вобласці Аляксеем Рускіх.
Паводле яго слоў, у Беларусі «ўжо пляцоўка падабрана, усе сеткі існуюць».
— Не — будзем з «Газпромам», расіянамі будаваць і гатовую прадукцыю прадаваць, — дадаў палітык.
Ён не назваў ні кошт праекту, ні тэрміны яго рэалізацыі, ні магчымую долю ЗША ці «Газпрома» у будучым прадпрыемстве.
«Люстэрка» адзначае, што, мяркуючы па ранейшых планах уладаў, размова можа ісці пра новы азотны комплекс на базе «Гродна Азота», які абмяркоўваецца ўжо шмат гадоў. Яшчэ ў 2018 годзе яго кошт ацэньвалі прыкладна ў 1,3 млрд долараў. Па задумцы прадпрыемства зможа выпускаць 875000 тон аміяку, 1225000 тон карбаміду і 200 млн кубаметраў вадароду ў год.
Ідэя прыцягнуць да гэтага праекту «Газпром» таксама не новая. Так, у дакументах СНД за 2021 год згадваўся інтэграцыйны праект па будаўніцтве новага азотнага комплексу на «Гродна Азоце» сумесна з расійскім канцэрнам. Прадугледжвалася, што гэта дасць магчымасць павялічыць экспарт расійскага прыроднага газу і перапрацоўваць яго ў Беларусі ў азотныя ўгнаенні.
Тады ж праект называлі адным з ключавых для беларускай хімічнай галіны на пяцігодку, аднак да будаўніцтва ў першапачаткова заяўленым маштабе справа так і не дайшла.
Прапанова Лукашэнкі падключыць ЗША да праекту прагучала на фоне пацяплення адносін Мінска і Вашынгтона і перамоў аб пастаўках беларускіх угнаенняў. 21 верасня Дональд Трамп заявіў, што ЗША працуюць над «буйной здзелкай» па закупцы калію з Беларусі па больш нізкай цане, чым у Канады.
Пры гэтым апытаныя Reuters аналітыкі адзначалі, што ЗША ў цэлым дастаткова забяспечаны каліем, тады як больш прыкметнае запатрабаванне ў краіны ёсць менавіта ў азотных і фосфарных угнаеннях.
Крыніца: «Люстэрка»
нг