— Нам трэба разумець, якія працэсы ідуць у грамадстве, рэальную колькасць вернікаў, як выбудоўваць працу, — заявіў дзяржаўным СМІ новы ўпаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Алег Дзячэнка.
Таму, падкрэсліў чыноўнік, плануецца правесці ў краіне «эфектыўны этнаканфесійны маніторынг», піша партал «Позірк».
Гаворачы аб больш шчыльным узаемадзеянні з рэлігійнымі інстытутамі ў святле пастаўленых «найважнейшых дзяржаўных задач», Дзячэнка падкрэсліў, што яго апарат будзе «выступаць з пазіцыі партнёрства».
У прыватнасці, гаворка ідзе пра пытанні, якія датычацца «захавання духоўна-маральных каштоўнасцяў, умацавання інстытуту сям’і і шлюбу, дэмаграфічнай сітуацыі».
Паводле слоў упаўнаважанага, традыцыйныя рэлігіі «маюць вельмі вялікі патэнцыял і досвед, напрацаваны за папярэднія гады па вырашэнні гэтых пытанняў«. «Можа быць, выкарыстаем іх досвед», – сказаў ён.
Дзячэнка быў прызначаны на гэтую пасаду 28 верасня (раней быў намеснікам старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах). З 2020 года на гэтай пазіцыі працаваў Аляксандр Румак.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020 стасункі дзяржавы і царквы ў Беларусі ўскладніліся: многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія пачаліся пасля масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання.
У 2023 годзе на заканадаўчым узроўні рэлігійным арганізацыям фактычна забаранілі праяўляць палітычную актыўнасць не ў фарватары ўладаў і абавязалі перарэгістравацца.
З пачатку восені 2020 года па канец красавіка 2026-га, паводле дадзеных ініцыятывы «Хрысціянская візія«, з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнулася не менш за 93 хрысціянскіх святароў, сярод іх 36 каталіцкіх.
Крыніца: «Позірк. Навіны пра Беларусь»/юл