Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Дональд Трамп вылучыў Джона Коўла на пасаду спецпрадстаўніка ў справах закладнікаў

30.09.2026 12:40
Верагодна, ён будзе займацца таксама вызваленнем расійскіх палітвязняў і ўкраінскіх палонных.
C
Cпецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл Архіўнае фота: «Позірк»

Дональд Трамп 28 верасня вылучыў Джона Коўла на пасаду свайго спецыяльнага пасланніка ў справах закладнікаў у рангу і статусе амбасадара. Цяпер ягоную кандыдатуру мае разгледзець Сенат, паведамляе «Свабода».

З 10 лістапада 2025 года Джон Коўл займае пасаду спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі, а ўпершыню прыехаў на перамовы ў Мінск 21 чэрвеня таго ж года.

Тыдзень таму, 22 верасня, у эфіры незалежнага расійскага тэлеканала «Дождь» Коўл заявіў, што збіраецца таксама займацца вызваленнем расійскіх палітвязняў і ўкраінскіх палонных.

— Так, цяпер мы пачынаем працаваць над тэмай расійскіх зняволеных. І, дарэчы, над пытаннем украінскіх палонных таксама. У абедзвюх краінах ёсць цывільныя асобы, якія знаходзяцца ў палоне, і цяпер мы рыхтуем пэўныя прапановы. Натуральна, я працую ў кантакце са Стывам Уіткафам, бо менавіта Уіткаф займаецца Расеяй, — сказаў ён.

Паводле Коўла, спісы палітычных зняволеных у яго «ёсць», але пакуль ён не будзе іх агучваць.

— Я хацеў бы займацца гэтым пытаннем больш шчыльна і, у прынцыпе, збіраюся гэта рабіць. Я лічу, што надзея ёсць. Гэтак жа, як, напрыклад, у Беларусі ёсць надзея на вызваленне палітвязняў, думаю, што і ў Расіі таксама ёсць надзея. <...> Мне здаецца, гэта дапамагло б у плане адносінаў паміж дзвюма краінамі, але я не ведаю, ці пойдзе Пуцін на гэта, — адзначыў ён.

Працэс масавага вызвалення палітвязняў у выніку перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з адміністрацыяй Дональда Трампа пачаўся з 2025 года.

Па выніках перамоў Коўла і Лукашэнкі 16 верасня ў Мінску было вызвалена 25 палітвязняў. Усе яны былі вывезеныя ў Літву (дзесяцёра пасля перабраліся ў Польшчу). У адказ ЗША знялі санкцыі з канцэрну «Беллеспаперпрам» і ААТ «Лакафарба».

З улікам апошняга вызвалення (16 верасня) грамадскасці вядома пра 671 вызваленага за два гады, але не ўсе з іх палітвязні.

аз