5 кастрычніка ПЦ «Вясна» прэзентуе спецыяльны выпуск пра тое, што звычайна застаецца за кулісамі барацьбы за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. Як праваабаронцы маніторылі судовыя працэсы і працавалі са сваякамі асуджаных? Як падавалі скаргі ў ААН і гаварылі пра Беларусь на Сусветных кангрэсах супраць смяротнага пакарання? І што значыць займацца гэтай тэмай гадамі — не толькі прафесійна, але і па-чалавечы?
6 кастрычніка каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда выступіць у Варшаве на канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні. У гэты ж дзень адбудуцца анлайн-слуханні ў Каардынацыйнай Радзе пра смяротнае пакаранне ў Беларусі.
7 кастрычніка ахвочыя могуць прыйсці на сустрэчу з праваабаронцамі, каб пагаварыць пра смяротнае пакаранне без канферэнцыйных сталоў і складаных фармулёвак.
8 кастрычніка валанцёрская служба «Вясны» прэзентуе фільм, прысвечаны тэме смяротнага пакарання. 9 кастрычніка ў Кракаве пройдзе воркшоп на тэму «Ад Ірана да Беларусі: як смяротнае пакаранне становіцца палітычным інструментам», дзе каардынатар кампаніі Андрэй Палуда раскажа пра тое, як сітуацыя са смяротным пакараннем працуе ў розных краінах і дзе ў гэтай карціне знаходзіцца Беларусь.
Завершыцца Тыдзень футбольным кубкам «Футбол за жыццё» (10 кастрычніка). Арганізатары гавораць, што гаварыць пра каштоўнасць чалавечага жыцця можна вельмі рознымі мовамі, у тым ліку мовай спорту.
Поўная праграма - тут.
Вясна/ав