Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Яраслаў Іванюк: Сітуацыя вельмі складаная, я знаходжуся ў расійскім крымінальным вышуку

09.10.2026 10:14
Падляшскі кнігавыдавец пракаментаў інфармацыю пра тое, што яго абвясцілі ў вышук па патрабаванні з Мінска.
Аўдыё

— З практыкі іншых асобаў вынікае, што я проста не змагу паехаць у краіну, яка супрацаўнічае з Расіяй у справах вышуку грамадзян. Краіны Садружнасці Незалежных Дзяржаў для мяне не закрытыя, як і некаторыя краіны Афрыкі і Азіі, — распавёў старшыня фонду Kamunikat.org і журналіст Беларускай службы Польскага радыё для Замежжа Яраслаў Іванюк.

Выдавец зазначыў, што ў расійскі вышук яго падалі па патрабаванні мінскага ўпраўлення ўнутраных спраў і на падставе нейкага артыкула Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым канкрэтны артыкул не пазначаны.

— Можна меркаваць, што, хутчэй за ўсё, гэта звязана з тым, што на пачатку сакавіка КДБ прыдумала справу выдавецкай кааліцыі, у якую ўключыла, між іншым, фонд «Камунікат» і мяне асабіста. Там апынуліся яшчэ выдавецтвы Янушкевіча, Логвінаў, і таксама некалькі прыватных асоб з Беларусі, у тым ліку, Зміцер Колас, — выказаў меркаванне Яраслаў Іванюк.

Выдавец зазначыў, што вядзе кансультацыі з юрыстамі ды разлічвае на дапамогу з боку польскай дзяржавы, з боку арганізацый, якія займаюцца аховай правоў чалавека.

— Рэжым Лукашэнкі пераследуе мяне выключна за тое, што я працую на карысць беларускай культуры, беларускай літаратуры за межамі Рэспублікі Беларусь, працую ў Польшчы, працую ў краінах Еурасаюза. Учора юрысты паведамілі мне, што польская дзяржава можа як мінімум запатрабаваць прыпыніць пераслед, і зняць мяне з вышуку, — дадаў Яраслаў Іванюк.

юл