У месцах пазбаўлення волі ў Беларусі застаецца 113 жанчын са статусам палітычных зняволеных, не менш за 14 з іх маюць непаўналетніх дзяцей, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская з нагоды Дня маці. Яе словы цытуе «Позірк».
Паводле слоў палітыка, быць маці — «адна з самых складаных і адначасова самых важных і каштоўных задач, з якой сутыкаюцца жанчыны».
Ролю маці яна назвала «тытанічнай працай, у якой няма выходных, перапынкаў і адпачынку».
— Беларускія ўлады заклікаюць жанчын нараджаць, але пасля нараджэння дзіцяці многія сутыкаюцца з фінансавай ямай, — адзначыла Ціханоўская. — Падчас дэкрэта выплата па доглядзе першага дзіцяці складае 35% сярэдняга заробку, а калі жанчына вырашае вяртацца да працы, то часта сутыкаецца з прапановамі звольніцца, пераносамі працоўных месцаў або складанасцямі з пошукам працы, — заявіла Ціханоўская.
На яе думку, у Беларусі многія маці «адчуваюць трывогу за будучыню сваіх дзяцей, за іх бяспеку і свабоду». Нягледзячы на гэта, яны «працягваюць быць для сваіх дзяцей апорай, даваць ім любоў, клопат і адчуванне бяспекі».
— Менавіта таму яшчэ важней зноў і зноў паўтараць: дзякуй. Дзякуй за вашу любоў, цярпенне і сілу. За тое, што вы захоўваеце ў дзецях веру ў дабро, свабоду і справядлівасць, нават калі вакол часта адбываецца зусім іншае. І я цалкам упэўненая, што вашыя дзеці вырастуць у выдатных дарослых, якія зробяць Беларусь лепшай, — рэзюмавала Ціханоўская.
Дзень маці адзначаецца ў Беларусі 14 кастрычніка, у гэты ж дзень праваслаўная царква святкуе Пакроў Прасвятой Багародзіцы.
вс