Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Лукашэнка аптымізуе Нацыянальную акадэмію навук Беларусі

20.10.2026 17:02
З улікам аптымізацыі, сярод іншага, замацоўваецца лімітавая штатная колькасць апарату НАН.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/geralt

Аляксандр Лукашэнка 19 кастрычніка падпісаў указ нумар 367 «Аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», які ліквідуе, рэарганізуе і змяняе шэраг дзяржаўных навуковых установаў і навукова-практычных цэнтраў НАН, паведамляе «Белсат».

Заяўляецца, што аптымізацыя «дазволіць выключыць дублетныя функцыі і сканцэнтраваць патэнцыял навуковых установаў на вырашэнні прыярытэтных для дзяржавы прыкладных задачаў у галіне тэхналогіяў і тэхнікі, далейшым падвышэнні эфектыўнасці навуковых даследаванняў.

Указ таксама зацвярджае статут НАН у новай рэдакцыі. Паводле яго, старшыню Прэзідыуму НАН, яго намесніку і галоўнаму навуковаму сакратару надаецца статус дзяржаўных службоўцаў.

З улікам аптымізацыі, сярод іншага, замацоўваецца лімітавая штатная колькасць апарату НАН.

Указам таксама ўдасканальваецца працэдура выбараў дзейных сябраў (акадэмікаў) і сябраў-карэспандэнтаў НАН, уводзяцца дадатковыя крытэры ацэнкі іхных навуковых дасягненняў.

Вызначаюцца ўзроставая мяжа на момант вылучэння (для акадэмікаў — 70 гадоў, для сябраў-карэспандэнтаў — 60 гадоў), патрабаванні аб наяўнасці вучонай ступені доктара навук і вучонага звання прафесара, кіраўніцтва навуковымі, навукова-тэхнічнымі і галіновымі праграмамі, а таксама вялікага ўнёску ў развіццё навукі, працаў навуковага і практычнага характару.

Беларусь застаецца краінаю з нізкім узроўнем фінансавання навукі. Дзяржава аддае прыярытэт не фундаментальнай навуцы, якая стварае базу для будучыні, а прыкладным даследаванням для патрэбаў дзяржаўных органаў. Гэта ў тым ліку было добра відаць з бюджэту 2025 года: на «агульнадзяржаўныя» распрацоўкі (кіраванне, сілавы блок, кантроль) вылучылі больш сродкаў (277,5 млн рублёў), чым на асноўныя навуковыя пошукі (235 млн).

У лістападзе 2025 года Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што навукоўцы мусяць самі «падымаць свой статус», а рост заробкаў у галіне будзе залежаць ад канкрэтных вынікаў.

Яшчэ адна слабасць беларускай навукі — усё мацнейшая ідэалагізацыя. Лаяльнасць да ўлады нярэдка робіцца важнейшай за прафесійныя дасягненні, што зніжае давер да вынікаў даследаванняў і ператварае навуку з крыніцы ведаў і інавацыяў у інструмент абслугоўвання палітычнай сістэмы.

aз