Гатоўнасці дзейнічаць ва ўмовах ваеннага часу запатрабаваў ад беларускіх суддзяў Аляксандр Лукашэнка 19 лістапада на нарадзе з судзейскім корпусам, паведамляе «Позірк».
— Уся краіна сёння тэстуе і наладжвае алгарытмы ваеннага часу, — цытуе палітыка яго прэс-служба. — Навучаем і правяраем вайскоўцаў, сілавікоў, тэрытарыяльную абарону, апалчэнне. Яшчэ раз паўтаруся: ніхто не хоча вайны, але мы абавязаныя быць гатовымі да любога развіцця падзей. Нас да гэтага вымушаюць, — дадаў дыктатар.
Паводле слоў Лукашэнкі, суды «не павінны заставацца ўбаку» ад гэтай працы. Ён пацікавіўся, як судовая сістэма ацэньвае сваю гатоўнасць «дзейнічаць у асаблівы перыяд», і канстатаваў слабы прагрэс у гэтым плане.
— Гэта не рытарычныя пытанні. Сёння ў гэтым кірунку пакуль вашых дзеянняў няшмат, — сказаў ён.
Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра падрыхтоўку Беларусі да магчымай вайны, тлумачачы гэта неабходнасцю абароны краіны ад знешніх пагроз.
13 кастрычніка на нарадзе з сілавікамі ён заявіў, што Беларусь рыхтуецца да вайны, каб яе пазбегнуць. Пры гэтым Лукашэнка патлумачыў частыя праверкі Узброеных сіл вайсковай актыўнасцю заходніх суседзяў.
аз