У Музеі Вольнай Беларусі адчынілася выстава «Святло-Адчувальнасць» беларускай мастачкі і педагога Вольгі Сіліванчык. Назва «Святло» адсылае пераважна да італьянскіх пейзажаў, а «Адчувальнасць» — гэта адказ мастачкі на сітуацыю ў Беларусі.
Вольга Сіліванчык — мастачка і педагог, якая 13 гадоў жыве ў Італіі. У цэнтры яе творчага метаду — праца з натуры, увага да імгненнага ўражання і атмасферы. Яе карціны знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Францыі, Італіі, ЗША, Новай Зеландыі ды іншых краінах.
Працы Вольгі Сіліванчык
Выстава ў Музеі Вольнай Беларусі падзелена на дзве часткі. У першай прадстаўлены карціны Вольгі Сіліванчык, створаныя ў Рыме і іншых месцах Італіі. Сонца, колеры, вуліцы паўднёвай краіны, людзі, архітэктура і зменлівыя імгненні жыцця.
— Для мяне наогул, як для мастака, увесь свет — гэта святло. Італія для мяне — гэта мой новы дом, гэта краіна, якая мяне прыняла, гэта святло і цяпло людзей, у першую чаргу. Іх гасціннасць. Гэта новы свет, які я сабе там стварыла: новыя сябры, новы дом. Я думаю, што ўсё гэта адбіваецца ў маіх працах. Тут можна ўбачыць марскія пейзажы, рыбацкія лодкі, якія размяшчаюцца ў маёй вёсцы, дзе я жыву.
Другая частка цалкам іншая, прысвечаная сітуацыі ў Беларусі. Тут можна пабачыць партрэты дзеячаў беларускай дыяспары ў Італіі, пратэсныя плакаты і мастацкія інсталяцыі, прысвечаныя памяці загінулых падчас апошніх падзей у Беларусі.
— Гэта зусім іншы вобраз. Чаму? Гэта мая «адчувальнасць». 2020 год, тое, што здарылася і адбываецца ў Беларусі, вядома, не магло не закрануць мяне, не прайсці міма. І маю сям'ю гэта закранула: майго сына, затым мяне. І я актыўна пачала ўдзельнічаць у рымскіх мітынгах. Я 13 год як у Італіі. Так склалася, што я больш не змагла выехаць. З 20-га года я актыўна стала ўдзельнічаць у нашых мітынгах і пратэстах. Але ў нас вельмі маленькая дыяспара. У нас літаральна 20 чалавек. Максімум, калі і прыязджалі ў Рым беларусы з іншых гарадоў, нас збіралася 30-40 чалавек. І, вядома, крыху наш пратэст, ён замыльваўся, ён знікаў, нас не бачылі. Наш крык, ён як нямы голас, атрымліваўся без голасу. І я вырашыла, што трэба скарыстацца тым інструментам, які ў мяне ёсць — мова мастацтва. І я напісала партрэты нашых беларусаў, хто жыве ў Рыме. Я запрашала кожнага, я пісала з натуры, каб перадаць святло нашых людзей. Вось менавіта святло праз вочы, нашу душу, якія мы ўсе цудоўныя. Паралельна я стварала графічныя працы — гэта нашы беларусы, хто аддаў сваё жыццё на пратэстах, у турмах. На жаль, іх лічба расла. І вось да 24 году ў мяне атрымалася цэлая інсталяцыя, такая алея памяці з гэтых партрэтаў. Ну і плюс нашы плакаты, з якімі мы выходзілі на мітынгі. Узнікла выстава-праект «Голас надзеі», якую я часткова, не ўсю, але часткова прывезла з сабой на гэтую выставу, каб паказаць тую частку мяне, майго адчування вось гэтага свету, маю рэакцыю.
Разам дзве часткі ствараюць адзін пасыл: чалавек здольны адчуваць і захоўваць святло, нават калі побач існуюць страта, разлука і боль.
Вольга Сіліванчык кажа, што карціны нараджаюцца ў майстэрні, але па-сапраўднаму пачынаюць жыць, калі сустракаюцца з гледачом. Мастачцы хацелася, каб вакол карцін адбываліся размовы, сустрэчы, каб дзеці і дарослыя маглі не толькі паглядзець мастацтва, але і паспрабаваць стварыць яго самастойна. Для гэтага, кажа Аляксандр Ждановіч, у бліжэйшыя выходныя запланаваныя інтэрактыўныя творчыя сустрэчы.
— Мы вельмі хацелі, каб выстава была не проста праглядам работ мастачкі, каб людзі, якія прыходзяць сюды ў Музей Вольнай Беларусі, каб яны сустракаліся, каб яны размаўлялі, каб яны адкрывалі ў сябе творчасць. І таму мы зробім тры мастацка-тэатральныя лабараторыі для дзяцей, для дарослых і сямейную, дзе мы будзем ствараць разам такія манатыпы і імправізацыйныя, выяўленчыя вобразы. Будзем у іх шукаць вобраз, даваць яму імя, даваць яму гісторыю, тэатралізоўваць гэта. Кожны чалавек, маляваў ён ці не, выходзіў на сцэну ці не, каб ён адчуў сябе творцам, мастаком, акторам. І я буду ўдзельнічаць у гэтых творчых лабараторыях. Запрашаем, яшчэ ёсць вольныя месцы, у будучую суботу-нядзелю.
Выстава прац Вольгі Сіліванчык будзе працаваць да 30 лістапада.
ав
слухайце аўдыё