Учора стала вядома пра жорсткі прысуд палітолагу і медыяаналітыку Вользе Харламавай — 10 гадоў калоніі. Яе муж, палітычны аналітык, які жыве ва Украіне, Ігар Тышкевіч, расказаў у допісе на Facebook пра спробу КДБ завербаваць яго.
— Так, мая жонка, Харламава Вольга, учора атрымала прысуд — 10 гадоў пазбаўлення волі і досыць вялікі штраф. Ключавы артыкул — здрада дзяржаве. Яна была затрыманая (з другой спробы) КДБ Беларусі 26 чэрвеня 2025 года. Праз 2 гадзіны пасля затрымання яе «папрасілі» набраць мяне. Далей была амаль трохгадзінная спроба вярбоўкі і шантажу. Пры гэтым шантажавалі «будучыняй вашай жонкі і станам яе мамы», — гаворыцца ў паведамленні.
Ігар Тышкевіч патлумачыў, што маці Вольгі цяжка хворая, і гэта быў адзін з асноўных «якараў», якія трымалі яе ў Беларусі.
— КДБ цікавіла інфармацыя пра беларусаў, якія ваююць на баку Украіны, але найбольш — мае кантакты ва ўкраінскай палітыцы, дзяржорганах і структурах, якія сёння з'яўляюцца часткай Сіл абароны Украіны. І мой аналіз, — напісаў аналітык.
юл