Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Вясна» высветліла падрабязнасці ператрусаў у атрымальнікаў стыпендый EU4Belarus – SALT

28.11.2026 09:00
У Беларусі 25 лістапада адбылася хваля ператрусаў у атрымальнікаў стыпендый EU4Belarus — SALT, якая падтрымлівала рэпрэсаваных беларусаў.
.
.ulleo/pixabay.com/CC0 Public Domain

Ператрусы праводзілі ўзброеныя аператыўныя групы КДБ. Як адзначыла «Наша Ніва», пад увагу сілавікоў трапілі не толькі атрымальнікі стыпендый, але і людзі, якія маглі проста атрымліваць інфармацыйную рассылку праграмы. Падчас ператрусаў у людзей і іх сваякоў бяруць падпіскі аб неразгалошванні, а ў дакументах фігуруе арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім). «Вясна» даведалася падрабязнасці чарговага наступу на салідарнасць з рэпрэсаванымі беларусамі.

EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training) — гэта стыпендыяльная праграма Еўрапейскага саюза для беларускіх студэнтаў, абітурыентаў, даследчыкаў, выкладчыкаў і спецыялістаў, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі або пагрозай пераследу.

Паводле крыніцы «Вясны», сілавікі прыйшлі з ператрусам па месцы прапіскі чалавека, які атрымаў стыпендыю, раніцай. Аднак фактычна яны пераважна распытвалі яго маці: дзе гэты чалавек вучыцца і працуе, якія мае планы і ці дасылаюць яму бацькі грошы. Таксама жанчыну папрасілі патэлефанаваць сваяку і пакінулі нумар, па якім той мог бы звязацца з сілавікамі. Маці прымусілі падпісаць дакумент аб неразгалошванні. Паводле крыніцы, сілавік сказаў, што для бяспечнага вяртання ў Беларусь атрымальніку стыпендыі варта выдаліць усе чаты, звязаныя з праграмай SALT. Уся размова заняла каля гадзіны.

Таксама «Вясна» атрымала інфармацыю яшчэ пра два ператрусы ў розных гарадах краіны 25 лістапада. Паводле крыніцы, адзін з атрымальнікаў стыпендыі знаходзіцца ў Беларусі — яго не затрымалі. Пасля размовы з ім сілавікі ўзялі падпіску аб неразгалошванні. У пастановах на ператрусы фігуравалі арт. 356 КК (здрада дзяржаве), арт. 357 КК (змова з мэтай захопу ўлады), арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі).

Як паведаміла «Наша Ніва» са спасылкай на аднаго з атрымальнікаў стыпендыі, у траўні 2026 года адміністратар праграмы разаслаў выпуск бюлетэня, у якім адрасы ўсіх атрымальнікаў рассылкі, магчыма, праз недагляд, былі бачныя іншым адрасатам. Таму, верагодна, удзельнікаў праграмы змаглі ідэнтыфікаваць пасля ўцечкі. У спісе было 358 электронных адрасоў. Пры гэтым невядома, колькі чалавек з гэтага спіса атрымлівалі стыпендыі, а колькі проста падпісаліся на інфармацыйную рассылку. Літоўскі бок, адказны за каардынацыю праграмы, пацвердзіў уцечку дадзеных.

Вясна/ав