Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Ініцыятыва MALDZIS набыла этнаграфічную карту Яўхіма Карскага

28.11.2026 15:00
Гэта адна з найважнейшых карт у гісторыі Беларусі.
   1920  ,   MALDZIS
Карта Яўхіма Карскага 1920 года выдання, якую ініцыятыва MALDZIS набыла ў прыватнага калекцыянера ў Польшчыфота: Ініцыятыва MALDZIS

Ініцыятыва MALDZIS выкупіла ў прыватнага калекцыянера ў Польшчы «Этнаграфічную карту беларускага племені» Яўхіма Карскага 1920 года выдання.

Упершыню карта з’явілася ў 1903 годзе ў фундаментальнай працы Карскага «Беларусы» і была створаная для навуковага даследавання тэрыторыі распаўсюджання беларускай мовы.

— Яўхім Карскі быў адным з найбольш аўтарытэтных славістаў Расійскай імперыі. Ягоная карта паказала прастору, на якой жывуць беларусы, а ў выніку ператварылася ў тое, пра што сам Карскі першапачаткова не думаў, — у адзін з пераканаўчых аргументаў у абгрунтаванні беларускай дзяржаўнасці і адным з арыенціраў для вызначэння межаў БНР, — гаворыць кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч.

Карта была набытая на сродкі беларускага ахвярадаўцы, які пажадаў застацца ананімным. Плануецца, што ў будучыні яна будзе перададзеная ў Гарадзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей у якасці грамадскага падарунка.

— Карта Карскага сведчыць пра момант, калі Беларусь пачынала набываць выразныя абрысы не толькі ў навуковых даследаваннях, але і ў палітычным уяўленні. Для нас важна, каб такія сведчанні заставаліся не толькі ў прыватных калекцыях, а станавіліся даступнымі беларусам. Набыўшы карту, мы вяртаем частку нашай гісторыі ў грамадскую прастору, — адзначае сузаснавальнік ініцыятывы MALDZIS Рыгор Астапеня.

Галоўнай справай жыцця Яўхіма Карскага было даследаванне беларускай мовы, літаратуры, фальклору і этнаграфіі. Ягоная шматтомная праца «Беларусы» стала адным з фундаментальных даследаванняў беларускай культуры.

MALDZIS/ав