Ініцыятыва MALDZIS выкупіла ў прыватнага калекцыянера ў Польшчы «Этнаграфічную карту беларускага племені» Яўхіма Карскага 1920 года выдання.
Упершыню карта з’явілася ў 1903 годзе ў фундаментальнай працы Карскага «Беларусы» і была створаная для навуковага даследавання тэрыторыі распаўсюджання беларускай мовы.
— Яўхім Карскі быў адным з найбольш аўтарытэтных славістаў Расійскай імперыі. Ягоная карта паказала прастору, на якой жывуць беларусы, а ў выніку ператварылася ў тое, пра што сам Карскі першапачаткова не думаў, — у адзін з пераканаўчых аргументаў у абгрунтаванні беларускай дзяржаўнасці і адным з арыенціраў для вызначэння межаў БНР, — гаворыць кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч.
Карта была набытая на сродкі беларускага ахвярадаўцы, які пажадаў застацца ананімным. Плануецца, што ў будучыні яна будзе перададзеная ў Гарадзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей у якасці грамадскага падарунка.
— Карта Карскага сведчыць пра момант, калі Беларусь пачынала набываць выразныя абрысы не толькі ў навуковых даследаваннях, але і ў палітычным уяўленні. Для нас важна, каб такія сведчанні заставаліся не толькі ў прыватных калекцыях, а станавіліся даступнымі беларусам. Набыўшы карту, мы вяртаем частку нашай гісторыі ў грамадскую прастору, — адзначае сузаснавальнік ініцыятывы MALDZIS Рыгор Астапеня.
Галоўнай справай жыцця Яўхіма Карскага было даследаванне беларускай мовы, літаратуры, фальклору і этнаграфіі. Ягоная шматтомная праца «Беларусы» стала адным з фундаментальных даследаванняў беларускай культуры.
MALDZIS/ав