Беларуская Служба

Цэнтральны камунікацыйны порт стане адной з буйнейшых інвестыцый у гісторыі Польшчы

20.07.2019 09:11
Віцэ-міністр інфраструктуры Мікалай Вільд расказвае, што вакол польскага хаба ўзнікне велізарны горад.
.    .
Аэрапорт. Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: eak_kkk/pixabay.com/CC0 Public Domain

Віцэ-міністр інфраструктуры, упаўнаважаны польскага ўрада па справах Цэнтральнага камунікацыйнага порта Мікалай Вільд (Mikołaj Wild) расказвае ў размове з выданнем „Dziennik Gazeta Prawna” пра планы будаўніцтва цэнтральнага аэрапорта і ўзнікненне велізарнага горада вакол планаванага польскага хаба.

Паводле віцэ-міністра, у цэнтральнай Польшчы ўзнікне „самы буйны аэрапорт у гэтай частцы Еўропы, велізарны горад і, нарэшце, чыгуначная сетка – першая такая з часоў падзелаў Польшчы”. „Гэта буйнейшая інвестыцыя, чым Гдыня”, - пераконвае віцэ-міністр.

Палітык аб’яцае, што першы самалёт адправіцца з Цэнтральнага камунікацыйнага порта ўжо праз 10 гадоў. „На першым этапе гэта будзе сярэдні па еўрапейскіх умовах порт, які будзе абслугоўваць да 40 мільёнаў пасажыраў у год (...) Але, паколькі мы будуем гэты аэрапорт за межамі горада, то ён зможа развівацца, каб абслугоўваць нават да 100 мільёнаў пасажыраў”, - запэўніў Вільд.

Палітык таксама аб'явіў „рэвалюцыю ў польскай чыгунцы”. „У прынцыпе, з кожнага большага польскага горада можна будзе дабрацца да аэрапорта „Салідарнасць” на працягу дзвюх з паловай гадзін”, - абяцае прадстаўнік Міністэрства інфраструктуры.

„Мы пабудуем 1,6 тыс. кіламетраў новых чыгуначных шляхоў. Гэта будзе абсалютны пералом, паколькі цяпер іх у нас 17 тыс.”, - нагадаў віцэ-міністр.

Трэці элемент урадавага праекта – гэта будаўніцтва вакол Цэнтральнага камунікацыйнага порта сучаснага горада. „Гэта будзе вялікая горадабудаўнічая аперацыя ў невядомым у Польшчы маштабе”, - адзначае віцэ-міністар у размове з выданнем „Dziennik Gazeta Prawna”.

аз