Беларуская Служба

Ва Уроцлаве журналіста моцна збілі за абурэнне гамафобіяй

26.07.2019 12:38
«Я хачу сказаць усім гамафобам і так званым «сапраўдным палякам» ды неафашыстам, што Уроцлаў – не ваш дом».
o
Пшэмыслаo Віткоўскі пасля нападу Facebook /Przemysław Witkowski

Уроцлаўская паліцыя спрабуе высветліць асобу і затрымаць злачынца, які ў чацвер, 25 ліпеня, жорстка збіў Пшэмыслава Віткоўскага, журналіста, супрацоўніка выдання oko.press і выкладчыка ва Уроцлаўскім універсітэце.

На журналіста напаў агрэсіўны малады чалавек, таму што Віткоўскі звярнуў увагу на тое, што яму не падабаюцца гамафобныя і нацыяналістычныя надпісы на сценах Уроцлава.

Збіццё журналіста пракаментаваў, у прыватнасці, мэр Уроцлава Яцэк Сутрык. «Я хачу сказаць усім гамафобам і так званым «сапраўдным палякам» ды неафашыстам, што Уроцлаў – не ваш дом. Усімі наяўнымі сродкамі мы будзем змагацца ва Уроцлаве з гэтай хваробай. У той жа час я хачу звярнуцца да польскага ўрада: у шматлікіх пытаннях мы розныя, але, вядома, не ў выпадку, калі гаворка ідзе пра клопат аб Польшчы, пра нашу свабоду і бяспеку. Я заклікаю, каб барацьба з такімі паводзінамі была агульным намаганнем, каб яна стала грамадскім інтарэсам, нягледзячы на погляды і адрозненні, якія існуюць паміж намі», – напісаў мэр Уроцлава ў сацыяльнай сетцы Facebook.

Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Эльжбета Вітэк напісала на сваім афіцыйным акаўнце ў сетцы Twitter, што «напад на выкладчыка ўніверсітэту ва Уроцлаве быў асабліва жорсткі». Палітык дадала, што паліцыя шукае злачынцу.

паводле wroclaw.onet.pl/эж