Беларуская Служба

У Польшчы пачаліся ўрачыстасці памяці Варшаўскага паўстання

30.07.2019 13:05
1 жніўня выпадае 75-ая гадавіна выбуху гэтага вызваленчага збройнага чыну.
       75
Урачыстая цырымонія ў парку Свабоды з нагоды 75 гадавіны выбуху Варшаўскага паўстанняPAP/Wojciech Olkuśnik

У аўторак у Варшаўскім парку Свабоды пры Музеі Варшаўскага паўстання прайшлі памятныя ўрачыстасці. Імпрэза з'яўляецца часткай святочнай праграмы адзначэння 75 гадавіны пачатку Варшаўскага паўстання, якая прыпадае на 1-ае жніўня.

Падчас урачыстасці адбылася сустрэча прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды і мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага з ветэранамі паўстанцамі, прадстаўнікамі Сусветнай асацыяцыі жаўнераў АК, Галоўнага ўпраўлення Саюзу варшаўскіх паўстанцаў

Падчас сустрэчы прэзідэнт Польшчы ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды ўдзельнікам паўстання ды людзям, якія спрыялі пашырэнню інфармацыі пра паўстанне.

Варшаўскае паўстанне было адным з тым валуноў, які быў закладзены ў фундамент свабоднай і незалежнай Польшчы, зазначыў Анджэй Дуда. Асабліва востра гэта адчувала тагачасная моладзь.

- Нарэшце моладзь у Варшаве, пасля гадоў пакутаў, дзякуючы ўласнаму гераізму ды адвазе, магла вырвацца на свабоду. Як прадстаўнік пакалення, якое нарадзілася шмат гадоў пасля, я магу толькі ўявіць, наколькі важным быў той момант, калі твая вуліца, квартал, раён сталі свабоднымі, і можна было выйсці з дому без страха арышту ды пераследу.

У сваю чаргу дырэктар Музею Варшаўскага паўстання Ян Алдакоўскі дадаў, што 1-га жніўня 1944-га года варшаўскія паўстанцы пайшлі ў бой ня толькі за сталіцу, але і за незалежнасць краіны. Цягам 63 дзён яны змагаліся за кожны дом і кожны камень.

Мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі зазначыў, што Варшаўскае паўстанне паказала, што ёсць самым важным. Паўстанцы былі рознымі асобамі, мелі розныя погляды, але супольна змагаліся за свабодную Польшчу, за талерантнасць і за тое, каб ніхто не здзекаваўся са слабых. Гэта актуальна па сёння, зазначыў кіраўнік гораду.

1 жніўня ў Польшчы пачнуцца ўрачыстасці з нагоды 75 гадавіны пачатку Варшаўскага паўстання. Гэта быў адзін з найбольшых збройных чынаў, зладжаных антынацысцкім падполлем у акупаваных гарадах Еўропы. Удзел у баях за сталіцу ўзялі каля 50 тысяч паўстанцаў. Замест планаваных некалькі дзён паўстанне доўжылася больш за 2 месяцы.

ПР/юл