Кіроўная ў Польшчы права-кансерватыўная партыя «Права і справядлівасць» прадставіць сваю выбарчую праграму ў суботу 7 верасня. Гэта адбудзецца на перадвыбарчым пленуме партыі ў Любліне.
Такі анонс на хвалях Польскага радыё зрабіў кіраўнік выбарчага штабу «Права і справядлівасці» Кшыштаф Сабалеўскі. Палітык паведаміў, што праграма грунтуецца на высновах, зробленых падчас размоваў са звычайнымі палякамі.
-Мы хочам працягваць сацыяльныя праграмы, якія мы ўвялі на працягу апошніх чатырох гадоў. Нагадаю, жабрацтва страціла дзіцячы твар. Бацькі зараз могуць планаваць свае выдаткі, сваю будучыню без аглядкі на тое, ці хопіць грошаў на ежу для дзіцяці, ці толькі на сшыткі.
Кіраўнік выбарчага штабу «Права і справядлівасці» дадаў, што ў праграму таксама будуць уключаныя абяцанні, звязаныя з падатковай сістэмай і стымуляцыяй гаспадарчага росту.
IAR/эж