Ніколі ў гісторыі Еўропы не было столькі ўцекачоў, высяленцаў, так патлумачылі прычыну правядзення акцыі арганізатары – Суполка Sant’Egidio. Група заклікае ўсіх ахвотных далучыцца да малітвы за ўсіх, хто загінуў па дарозе ў Еўропу, ратуючыся ад гвалту, вайны ды галечы. Суполка яднае больш за 65 тысяч чалавек з 73 краін свету.
У гэтым кантэксце – як падкрэслівае Суполка Sant’Egidio – моцна актуальнымі застаюцца словы кардынала Казімежа Ныча, які падчас леташняй службы ў Варшаве сказаў: «Мы ўсе павінны ўдарыцца ў грудзі. Сказаць сабе, што апошнім часам усюды, ня толькі ў Польшчы, мы пра гэта гаворым усё цішэй. Святары і палітыкі. Погляды асноўных еўрапейскіх лідараў мяняюцца. Адбываецца нешта сумнае. Таму нам трэба маліцца, каб мы абудзіліся і сказалі сабе: бежанцы ёсць, іх не менш, чым некалькі гадоў таму, калі Папа Францішак ездзіў на Лампедузу. Мы абязболілі нашы сэрцы».
У звязку з гэтым Суполка заклікае не паддавацца абыякавасці і цягам першага тыдня кастрычніка далучыцца да агульнай малітвы за бежанцаў, якія загінулі на шляху ў Еўропу.
У гэтыя дні ва ўсёй Польшчы будуць праходзіць богаслужэнні пад назвай «Памерці ад надзеі». Падчас службы будуць зачытаныя імёны і кароткія гісторыі людзей, якія страцілі жыццё ў апошнія месяцы, спрабуючы выбрацца з месцаў, ахопленых вайной і гвалтам, заявілі прадстаўнікі Суполкі. Ідзецца ня толькі пра мігрантаў, але і пра нас і нашу чалавецкасць.
Колькасць уцекачоў, бежанцаў і перамешчаных асоб, якія шукаюць прытулку перавысіла 70 мільёнаў чалавек, паведамляе Вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаў.
Толькі за гэты год больш за 45 000 чалавек прыехалі ў Еўропы праз Міжземнае мора, амаль 900 чалавек загінулі.
PAP/юл