Сёлета ў Польшчы ў прынцыпе ўсе нядзелі павінны быць свабоднымі ад гандлю. Выключэннем з’яўляюцца толькі сем нядзель у год – дзве перад Каляднымі святамі, перад Вялікаднем, а таксама ў апошнія нядзелі студзеня, красавіка, чэрвеня і жніўня. Згодна закону, гандляваць у свабодныя нядзелі можна таксама ў крамах на вакзалах, у пякарнях, аптэках, кветкавых крамах, а таксама там, дзе за прылаўкам стаіць сам уладальнік.
Абмежаванне гандлю па нядзелях было ўведзена 1 сакавіка 2018. Спачатку свабодныя ад працы ў гандлі былі дзве нядзелі ў месяцы – першая і апошняя. У мінулым годзе можна было рабіць пакупкі толькі ў апошнюю нядзелю ў месяцы.
Прафсаюз «Салідарнасць», які збіраў подпісы пад патрабаваннем увесці забарону нядзельнага гандлю, задаволены, што цяпер супрацоўнікі крам могуць адпачываць у нядзелю і праводзіць свабодны час з сям’ёй. Па словах кіраўніка гандлёвай Салідарнасці Альфрэда Буяры, неабходна ліквідаваць прабелы ў заканадаўстве, якія выкарыстоўваюць некаторыя крамы, абыходзячы забарону.
Па словах віцэ-міністра сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Станіслава Швэда, урад пакуль што не плануе ўводзіць змены ў законы, але не выключае, што такая неабходнасць можа паявіцца ў будучыні.
ПР/нг