Беларуская Служба

Сёння ў Польшчы адзначаюць Дзень бацькі

23.06.2026 15:08
Бацькоўства змяняецца на нашых вачах — падкрэсліваюць эксперты GUS .
Бацька з дзіцемmarcinjozwiak/pixabay.com/CC0 Public Domain

Эксперты Галоўнага статыстычнага ўпраўлення (поль. GUS) падлічылі, што бацькамі ўсё часцей становяцца мужчыны ва ўзросце каля трыццаці гадоў, і сярэдні бацька, у адрозненне ад мінулага, штодня прысвячае час догляду за дзецьмі.

У Дзень бацькі (у Польшчы адзначаецца 23 чэрвеня) Галоўнае статыстычнае ўпраўленне (ГСУ) прадставіла карціну сярэднестатыстычнага польскага бацькі.

Аказваецца, што бацькоўства прыходзіць значна пазней у параўнанні з папярэднімі гадамі. Таксама змяняецца час прыняцця мужчынамі рашэння аб стварэнні сям'і.

У 2010 годзе найбольшая колькасць дзяцей нарадзілася ў мужчын ва ўзросце 25-34 гады. Праз пятнаццаць гадоў, у 2025 годзе, найбольшую групу бацькаў складалі мужчыны ва ўзросце 30-34 гады. Ва ўзроставай групе 40-44 гады колькасць нараджэнняў павялічылася з 20 700 да 23 600.

Мужчыну, які стаў бацькам у 2010 годзе, было менш за 31 год, зараз яму больш за 33.

Згодна з дадзенымі Нацыянальнага перапісу насельніцтва за 2021 год, крыху больш за 54% семʼяў з дзецьмі ў Польшчы — гэта семʼі з адным дзіцем. Семʼі з двума дзецьмі складалі 35%, і прыкладна кожная дзясятая сямʼя выхоўвала трое і больш дзяцей.

— Гэта вынік сацыяльных, эканамічных і культурных змен, якія паўплывалі на планаванне сямʼі,  тлумачаць эксперты Галоўнага статыстычнага ўпраўлення.

Яны дадаюць, што найбольшыя змены адбыліся ў тым, як бацька ўдзельнічае ў выхаванні дзяцей. Традыцыйная мадэль, у якой галоўнай адказнасцю бацькі было фінансавае забеспячэнне сямʼі, паступова саступае месца больш актыўнаму падыходу.

IAR/яс