Фракцыя «Левых сілаў» у Сейме прапанавала адпаведны законапраект. Паводле левых, выдаткі на ахову здароўя трэба паступова павялічыць да 7,2% ВУП, дадзены паказнік павінен быць дасягнуты ў 2024 годзе. У 2020 годзе, выдаткі на медыцыну маюць складаць 5,9% ВУП, а ў будучым годзе не меней за 6,3%.
Прэсавы сакратар «Левых сілаў» Анна Марыя Жукоўска заявіла, што без павелічэння выдаткаў на медыцыну не атрымаецца ліквідаваць велічэзныя чэргі да лекараў-спецыялістаў:
-Мы не хочам рабіць гэтага адразу, з дня на дзень. Мы разумеем і ведаем, што належыць дасягаць гэтай мэты паступова. Але калісьці ж трэба пачынаць! І мы павінны пачаць ужо сёлета.
Левыя парламентарыі прапанавалі і крыніцы фінансавання дадзенай ініцыятывы. Напрыклад «Левыя сілы» заклікаюць адмовіцца ад будаўніцтва Цэнтральнага камунікацыйнага порту, а вызваленыя сродкі накіраваць менавіта на выдаткі ў галіну аховы здароўя.
Сёлета кіроўная правая партыя «Права і справядлівасць» мае прызначыць на медыцыну крыху больш за 5% ВУП Польшчы.
IAR/эж