На трасе хуткага руху S7 недалёка каля горада Кельцы сутыкнулася 16 аўтамабіляў. Паводле паліцыі, хутчэй за ўсё прычынай дарожна-транспартнага здарэння (ДТЗ) стала слізкае пакрыццё.
Сутыкненне з удзелам аўто пачалося з таго, што адну з машын занесла на шашы. Начальнік Дзяржаўнай пажарнай службы ў Кельцах Славамір Карват сказаў, што ў выніку масавага ДТЗ ніхто не загінуў.
- Смяротных ахвяр, на шчасце, няма. Пацярпелі восем чалавек, у тым ліку чатыры трапілі ў бальніцу. Іх стан здароўя не надта цяжкі, аднак было вырашана прафілактычна даставіць пацыентаў у шпіталь.
У выратавальнай акцыі прынялі ўдзел 12 пажарных брыгад, хуткая дапамога і паліцыя. Паласа ў бок Варшавы ўжо разблакаваная.
Паліцыя заклікае кіроўцаў захоўваць надзвычайную асцярожнасць не толькі ў раёне інцыдэнту: умовы надвор'я неспрыяльныя, а дарогі месцамі вельмі слізкія. Толькі раніцою ў адным рэгіёне каля Кельцаў адбылося 31 ДТЗ.
яс