Беларуская Служба

Міністр абароны Польшчы нагадвае Украіне: МІГ-29 за беспілотнікі

26.06.2026 07:41
Польскі міністр нацыянальнай абароны застаецца непахісным у пытанні перадачы Украіне самалётаў МІГ-29.
     -
Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-КамышEPA/BOGLARKA BODNAR HUNGARY OUT Dostawca: PAP/EPA.

Віцэ-прэм'ер Уладзіслаў Касіняк-Каміш зноў нагадаў кіеўскім партнёрам, што Польшча чакае абмену: тэхналогіі беспілотнікаў за польскія знішчальнікі.

На пытанне Польскага радыё аб прыпыненай перадачы Украіне МІГ-29, міністр абароны нагадаў, што ў мінулым годзе былі дасягнутыя выразныя дамоўленасці: польскія знішчальнікі для ўкраінскіх ВПС у абмен на ноу-хау ў сектары баявых беспілотных лятальных апаратаў. Міністр нацыянальнай абароны адзначыў, што паколькі Украіна прадае беспілотнікі на Блізкі Усход і мае магчымасці не толькі забяспечваць уласную бяспеку, але і атрымліваць ад гэтага прыбытак у ваенны час, няма нічога амаральнага ў тым, што польскі бок патрабуе выканання папярэдніх абавязацельстваў і хоча атрымаць падтрымку ў гэтай галіне ў абмен на ваенную дапамогу.

— Салідарнасць — гэта двухбаковыя адносіны, а не аднабаковыя. Украіна не можа пра гэта забываць, — сказаў міністр.

Палітык дадаў, што калі Украіна не зацікаўлена ў знішчальніках, Польшча будзе іх выкарыстоўваць.

Рашэнне аб перадачы апошняга дзясятка постсавецкіх знішчальнікаў МІГ-29 было прынята шмат месяцаў таму. Бакі дамовіліся, што ў абмен на перададзеныя самалёты польская армія і абаронная прамысловасць змогуць скарыстацца шырокім баявым вопытам Украіны ў галіне беспілотных сістэм. Кіеў сам неаднаразова прапаноўваў гэта, калі ў верасні мінулага года варожыя беспілотнікі з Расіі неаднаразова перасякалі паветраную мяжу Польшчы.

ПР/юл