Да ўчорашняга дня ў Польшчы не было пацверджанага выпадку заражэння каронавірусам з Кітаю. Аднак, учора ў адзін з гданьскіх шпіталяў паступілі дзве асобы, у якіх лекары падазраюць заражэнне дадзеным вірусам.
Улады Паморскага ваяводства заявілі, што гатовыя забяспечыць лячэнне ды дапамогу людзям, якія вяртаюцца з Кітая ў кепскім стане здароўя. Пра гэта распавёў дырэктар Аддзелу аховы здароўя ва Ваяводскім упраўленні Ежы Карпіньскі:
- Шпіталі пацвердзілі гатовасць, у іх ёсць неабходнае абсталяванне, маскі, пальчаткі, адмысловая вопратка, якую адзяваюць пры патрэбе. Таксама ёсць магчымасць ізаляваць хворых, ёсць адпаведныя залі. Мы гатовыя. У нас ёсць інфекцыйная лякарня, а таксама Інстытут марскіх ды трапікальных хваробаў. Абедзве дадзеныя ўстановы выдатна падрыхтаваныя. Апроч таго іншыя шпіталі, якія не займаюцца інфекцыйнымі хваробамі, правялі прафілактычную падрыхтоўку да лячэння ды ізаляцыі хворых.
У Польшчы дзве асобы ізаляваныя з падазрэннем на наяўнасць кітайскага каронавіруса. Гэтая хвароба ўжо забіла ў Кітаі 166 чалавек. Зафіксавана 7800 выпадкаў заражэння ва ўсім свеце.
юл