Беларуская Служба

Польскія ўлады вярнулі ў краіну больш за 20 тысяч суайчыннікаў з-за мяжы

22.03.2020 11:03
Міністэрства замежных спраў Польшчы працягвае ажыццяўляць акцыю «Палёт дамоў» для тысяч польскіх турыстаў.
Здымак мае ілюстрацыйны характарEPA/OLEG PETRASYUK Dostawca: PAP/EPA.

Да пятніцы да 23.00 у Польшчы прыляцелі 23 тысячы 535 чалавек 150 спецыяльнымі рэйсамі ў рамках акцыі «Палёт дадому».

Яшчэ 45 тысяч чалавек дэкларавалі патрэбу вяртання, таму яшчэ рана прагназаваць, калі акцыя скончыцца, – заявіла прэсавая сакратарка МЗС Польшчы Моніка Сатыньска-Люфт. Акцыя рэалізуецца ў супрацы з польскія авіякампаніяй «LOT», яна мае вялізарны маштаб і беспрэцэдэнтны характар, зазначаюць дыпламаты.

Палякі едуць з усіх кантынентаў, з краін ЕЗ, Амерыкі, Афрыкі ды Азіі. Былі ды рыхтуюцца рэйсы нават з такіх далёкіх гарадоў, як Канкун, Кейптаўн, Варадэра, Бангкок, Нью-Дэлі, Доха, Абу-Дабі ды іншыя. Актуальную інфармацыю пра зваротныя рэйсы можна знайсці на сайце LOT.

Рашэнне зладзіць рэйс да канкрэтнага гораду залежыць ад запатрабаванасці, пра якую паведамляюць палякі, якія там знаходзяцца.

Міністэрства замежных спраў, у прыватнасці консульскія службы Польшчы за мяжой, працуе ў цеснай каардынацыі з дырэкцыяй LOT. Польскія ўстановы працуюць літаральна кругласутачна, сем дзён на тыдзень, – сказала Моніка Сатыньска-Люфт.

Ужо пацверджаныя рэйсы з Манілы на Філіпінах, з Ханоя ў Вʼетнаме ды з Сіднэю ў Аўстраліі. Яны адбудуцца як мага хутчэй, – заявіў прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі.

ПР/юл