Беларуская Служба

Польшча можа абраць прэзідэнта завочна

07.04.2020 11:33
 Змены ў Выбарчым кодэксе могуць пагражаць празрыстаму і дэмакратычнаму волевыяўленню Палякаў. 
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnePAP/Darek Delmanowicz

Сейм Польшчы прыняў закон аб завочным галасаванні на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Паводле зменаў у Выбарчым кодэксе, галасаванне будзе праводзіцца выключна карэспандэнцыйна, то-бок па пошце.

Новаўвядзенні прадугледжваюць, што ва ўмовах эпідэміі старшыня Сейма зможа змяніць першапачатковую дату галасавання ў часовых рамках, прадугледжаных канстытуцыяй краіны. Тым самым не выключаецца перанос даты выбараў на 17 траўня.

Галасаванне будзе праходзіць з 6.00 да 20.00. У гэты час выбарцы павінны будуць пакласці спецыяльны канверт са сваімі бюлетэням у адмысловую паштовую скрыню па месцы, дзе тыя унесеныя ў спіс выбарцаў. Прагаласаваць можна будзе асабіста, або пры пасярэдніцтве іншага чалавека.

Частка грамадскасці і апазіцыя крытыкуюць новаўвядзенні, паколькі лічаць, што змены ў Выбарчым кодэксе пагражаюць празрыстаму і дэмакратычнаму волевыяўленню палякаў.

Цяпер новаўвядзенні павінна зацвердзіць вышэйшая палата польскага парламенту – Сенат.

Існуе верагоднасць, што Сенат, дзе пераважае апазіцыя, не прыме законапраект, ухвалены Сеймам, у якім большасць складаюць Аб'яднаныя правыя сілы. У такім выпадку законапраект вернецца ў ніжнюю палату парламента і, калі тая яго ўхваліць, будзе накіраваны на подпіс прэзідэнту. Аднак прыняцце канчатковага рашэння ў верхняй палаце парламента можа зацягнуцца, як сказаў спікер Сената, нават да 30 дзён.

PAP/IAR/эж