10 гадоў таму, 17 красавіка 2010 года, на цэнтральнай варшаўскай плошчы імя Юзэфа Пілсудскага адбыліся галоўныя жалобныя ўрачыстасці пахавання ахвяр авіякатастрофы пад Смаленскам.
10 красавіка 2010 года польскі ўрадавы самалёт Ту-154М разбіўся пры заходзе на пасадку ў Смаленску. Польская дзяржаўная дэлегацыя на чале з прэзідэнтам Лехам Качыньскім накіроўвалася на памятныя ўрачыстасці ў Катынь – месца расстрэлу ў 1940 годзе сталінскімі катамі польскіх афіцэраў і чыноўнікаў. Загінулі ўсе, хто знаходзіўся на борце – 96 пасажыраў і членаў экіпажа, у тым ліку прэзідэнт Лех Качыньскі і яго жонка Марыя.
17 красавіка на плошчы Пілсудскага былі ўстаноўленыя здымкі ўсіх ахвяр катастрофы. Апоўдні ў сталіцы ў знак жалобы прагучалі сірэны.
Вечарам у варшаўскім арцыкафедральным саборы прайшла імша за Леха і Марыю Качыньскіх, якую ўзначаліў тагачасны прымас Польшчы, арцыбіскуп Генрык Мушыньскі.
Пахаванне прэзідэнцкай пары адбылося на наступны дзень 18 красавіка ў Кракаве. Развітацца з кіраўніком краіны і першай лэдзі прыйшлі тысячы людзей, прадстаўнікі дзяржаўных улад і дэлегацыі з дзясяткаў замежных краін. Лех і Марыя Качыньскія былі пахаваныя ў Кракаўскім замку на ўзвышшы Вавэль, дзе спачываюць польскія каралі і першы кіраўнік адроджанай дзяржавы Юзэф Пілсудскі.
вс
на фота: Лех і Марыя Качыньскія