Беларуская Служба

10 гадоў таму, 18 красавіка 2010 году, адбыліся паховіны Леха і Марыі Качыньскіх

18.04.2020 05:12
У цэлай Польшчы з імі развітваліся сотні тысяч людзей, тысячы палякаў прыехалі ў Кракаў з-за мяжы.
Труны Леха і Марыі Качыньскіх ў Прэзідэнцкім палацы ў ВаршавеFot. KPRP

Яны трагічна памерлі ў смаленскай катастрофе 10 красавіка 2010 году. Яны пакояцца ў крыпце пад Вежай сярэбраных званоў на Вавелі. У цэлай Польшчы з імі развітваліся сотні тысяч людзей, тысячы палякаў прыехалі ў Кракаў з-за мяжы.

Прэзідэнт Лех Качыньскі і першая лэдзі, а таксама 94 іншыя асобы, якія загінулі, ляцелі на ўрачыстасці 70-й гадавіны катынскага злачынства. Пахавальныя ўрачыстасці ўсіх ахвяр катастрофы працягваліся многа дзён. Нацыянальная жалоба афіцыйна закончылася ў дзень пахавання прэзідэнцкай пары.

На галоўнай плошчы ў Кракаве труны з целамі Леха і Марыі Качыньскіх прывітаў кардынал Станіслаў Дзівіш, у той час арцыбіскуп, кракаўскі мітрапаліт:

-Браты і сёстры, мы з вялікімі эмоцыямі стаім каля целаў прэзідэнта РП, прафесара Леха Качыньскага і яго жонкі Марыі. Яны загінулі ў авіякатастрофе разам з іншымі важнымі асобамі публічнага жыцця нашай дзяржавы, у часе выконвання сваёй службы.

У 14.00 памяць усіх загінулых у катастрофе была ўшанаваная дзвюма хвілінамі цішыні. У многіх гарадах Польшчы вылі сірэны і білі званы.

Калі жалобная працэсія з трунамі прэзідэнцкай пары выйшла з Марыяцкай базылікі, сабраныя крычалі: «Дзякуем!». На трасе стаяў натоўп людзей з бела-чырвонымі сцягамі і кветкамі. Калі працэсія прыйшла пад Катынскі крыж побач з Вавэлем, пачаў біць звон Жыгімонт, які гучыць толькі ў самыя важныя хвіліны польскай гісторыі.

Тагачасны прымас Польшчы Генрык Мушыньскі падзякаваў Леху Качыньскаму за верную службу Айчыне і запэўніў, што палякі не забудуць пра яго заслугі для краіны:

-Ты будзеш пакоіцца ў крыпце заслужаных, вялікіх палякаў на Вавелі, як знак удзячнасці тваіх суайчыннікаў. Ты застаў зняволеную Айчыну, а пакідаеш яе свабоднай і незалежнай. Такім чынам твае суайчыннікі імкнуцца праявіць сваю павагу, удзячнасць, прызнанне і малітоўную памяць.

Труны з целамі Леха і Марыі Качыньскіх былі змешчаныя ў адным саркафагу ў Крыпце пад Вежай сярэбраных званоў, у тамбуры Крыпты маршала Юзэфа Пілсудскага. Апошняя частка паховін мела прыватны характар, яе не паказвалі СМІ.

10 верасня 2010 году ў тамбуры Крыпты пад вежай сярэбраных званоў была адкрытая памятная табліца з прозвішчамі ўсіх ахвяр смаленскай катастрофы.

Па загадзе Генеральнай пракуратуры саркафаг і труны прэзідэнцкай пары былі адчыненыя 15 лістапада 2016 году і даследаваныя на Кафедры судовай медыцыны Collegium Medicum Ягелонскага ўніверсітэту. Гэта была адна з першых эксгумацый, запланаваных пракуратурай у следстве аб прычынах катастрофы.

Паўторныя паховіны адбыліся 18 лістапада 2016 году.


Нацыянальная жалоба ў 2010 годзе Нацыянальная жалоба ў 2010 годзе

ав