Праз эпідэмію каранавірусу іспыты пройдуць пазней, чым звычайна, і з захаваннем адпаведных правілаў бяспекі. На 8 чэрвеня запланаваны пачатак так званай "матуры" (польскага экзамену на атэстат сталасці), экзамену пасля заканчэння навучання ў сярэдняй школе (ліцэі або тэхнікуме). 16 чэрвеня пройдуць экзамены васьмікласнікаў, якім завершыцца навучанне ў пачатковай школе.
У гэты раз вучні не будуць здаваць вусных экзаменаў, прадугледжаны таксама дадатковыя захады эпідэміялагічнай бяспекі, адзначыў міністр нацыянальнай адукацыі Польшчы Дар’юш Пянткоўскі:
-Так, каб вучні не сядзелі, напрыклад, па два ці тры за адной партай. У рэшце рэшт, падобна было і ў папярэднія гады – кожны вучань будзе сядзець за асобнай партай, на вызначанай адлегласці ад астатніх. Робім так, дзеля таго, каб экзамены былі бяспечнымі для выпускнікоў пачатковых і сярэдніх школаў, настаўнікаў ды іх сем'яў.
24 красавіка вучні апошніх класаў ліцэяў і тэхнікумаў афіцыйна скончылі сваё навучанне. Для ўсіх астатніх вучняў школы будуць зачыненымі яшчэ месяц, да 24 траўня. Навучанне адбываецца праз інтэрнэт. Нагадаем, рашэннем урада Польшчы школы былі зачынены 12 сакавіка.
IAR/эж