Беларуская Служба

Эксперт прагназуе засуху

26.04.2020 15:47
Польшчы трэба рыхтавацца да адной з найгоршых засух за ўсю гісторыю краіны.
Здымак мае ілюстрацыйны характарImage by Luis Iranzo Navarro-Olivares from Pixabay/CC0

Сакавік 2020 года быў вельмі засушлівым месяцам. На большасці сінаптычных станцый штомесячная сума ападкаў нашмат ніжэйшая за доўгатэрміновыя нормы.

Апошні раз ападкі ў Польшчы былі ў першай палове сакавіка. Аднак яны былі мінімальнымі, а ў другой палове – практычна адсутнічалі. Тое самае паўтарылася ў красавіку.

«Калі ня будзе рэгулярных ападаў дажджу, то летам нас чакае адна з найбуйнейшых засух у гісторыі Польшчы», – папярэджвае гідролаг, віцэ-прэзідэнт Польскай акадэміі навук праф. Павел Равінскі.

Цяпер ужо бачны сімптомы найгоршага тыпу засухі, званай гідралагічнай засухай. Яго вызначальнікам зʼяўляецца вельмі нізкі ўзровень вады ў рэках і паніжэнне грунтавых вод. Апроч таго па шкале вільготнасці глебы, дзе 100% – самая высокая насычанасць глебы вадой, у Польшчы цяпер вільготнасць глеб знізілася да менш чым 30 адсоткаў. «Між тым, 30-40% сведчыць пра дэфіцыт вады ў каранёвай зоне раслін», – падкрэсліў навуковец.

Засухі зʼяўляюцца натуральнай зʼявай, але іх рэгулярнасць з 2018 года ў Польшчы выклікана глабальнымі зменамі клімату, у што ўносіць свой уклад чалавек, зазначыў навуковец.

ПР/юл