Беларуская Служба

10 мая ў Польшчы планавалася правесці выбары прэзідэнта, але галасавання няма

10.05.2020 12:26
Выбары адбудуцца ў іншы тэрмін, верагодней за ўсё, летам.
Ілюстрацыйны здымакFoto: Фотa: shutterstock.com/Dziurek

Паводле планаў, сёння ў Польшчы павінны былі адбыцца прэзідэнцкія выбары. Аднак галасавання няма. Яно пройдзе ў іншы тэрмін, верагодней за ўсё, летам.

У суботу вечарам закончыліся перамовы лідараў кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» і групоўкі «Паразуменне», якая ўваходзіць у кааліцыю правых сілаў. У сустрэчы прынялі ўдзел, у прыватнасці, прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі, маршал Сейму Эльжбета Вітэк, віцэ-прэм’ер Ядвіга Эмілевіч ды старшыня «Паразумення» Яраслаў Говін.

Нагадаем, у сераду вечарам, пасля сустрэчы старшыні ПіС Яраслава Качыньскага і Яраслава Говіна, стала вядома, што палітыкі знайшлі кампраміс – выбараў 10 мая не будзе, адпаведна, Вярхоўны суд заявіць пра іх несапраўднасць, маршал Сейму аб’явіць новую дату галасавання «у першы магчымы тэрмін». Выбары павінна прайсці завочна, па пошце.

На гэтым тыдні Сейм адхіліў пратэст Сенату адносна выбараў па пошце, у пятніцу закон аб арганізацыі выбараў у такой форме падпісаў прэзідэнт Анджэй Дуда. У чацвер Дзяржаўная выбарчая камісія заявіла, што 10 мая няма магчымасці правесці выбары. Такім чынам, сёння няма выбарчай цішыні, выбарчыя ўчасткі не працуюць.

ПАД/нг