Беларуская Служба

Анджэй Дуда: Ян Павел ІІ стаў папам свабоды і салідарнасці

17.05.2020 13:54
Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што салідарнасць можа стаць крыніцай вялікай сілы і цяпер, калі Еўропа змагаецца з пандэміяй каранавіруса.
Św. Jan Paweł II
Św. Jan Paweł IIEMPICS Entertainment/EAST NEWS

«Папа свабоды і салідарнасці» – так пра святога Яна Паўла II напісаў прэзідэнт Анджэй Дуда ў артыкуле, надрукаваным рымскай газетай «Il Messaggero». Артыкул аўтарства польскага прэзідэнта выйшаў у нядзелю – напярэдадні стагоддзя папы паляка.

«18 траўня 1920 года нарадзіўся Караль Вайтыла, пасля папа Ян Павел II Вялікі. Філосаф, энергічны аратар, дзяржаўны дзеяч, паэт. Прадаўжальнік рэформаў II Ватыканскага сабора ў свеце, які характэрызваўся канфліктамі і радыкальнымі цывілізацыйнымі пераўтварэннямі», – падкрэсліў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда на старонках уплывовага італьянскага выдання. Так пачынаецца яго артыкул пад назвай «Вайтыла – папа свабоды, які ажывіў Еўропу», тэкст надрукаваны на тытульнай старонцы газеты.

Анджэй Дуда нагадаў, што малады Караль Вайтыла «бачыў злачынствы двух таталітарызмаў: нямецкіх нацыстаў, якія акупуюць Польшчу, і пасляваеннага камуністычнага рэжыму».

«Гэта было шокам для каталіцкага святара, але і для гуманіста, сфармаванага польскай культурай, працятай ідэаламі свабоды і цярпімасці», – напісаў прэзідэнт Дуда. Як дадаў палітык, папа нагадаў, што Еўропа на працягу тысячы гадоў грунтуецца ў тым ліку і на дасягненнях польскіх навукоўцаў і мастакоў, святых і блажэнных каталіцкай царквы.

Прэзідэнт Польшчы выказаў упэўненасць, што салідарнасць можа стаць крыніцай вялікай сілы і цяпер, калі Еўропа змагаецца з пандэміяй каранавіруса.

Спасылаючыся на стасункі паміж Польшчай ды Італіяй, Анджэй Дуда падкрэсліў: «Я спадзяюся, што сувязным звяном нашых выдатных адносінаў і надалей застанецца памяць пра асобу і спадчыну святога Яна Паўла II – папы свабоды і салідарнасці».

TVP/эж