Беларуская Служба

МЗС прасоўвае Польшчу ў рамках кампаніі «Discover Poland»

10.06.2020 08:03
 «Мы хочам зацікавіць Польшчай тых, хто наагул не знаёмы з нашай краінай».
Парцэляна польскай вытворчасці PAP/Marcin Obara

Польскія дыпламаты ў 25 краінах свету пачалі новую акцыю па прасоўванні іміджу Польшчы. На сайтах Польскіх інстытутаў пачалася кампанія «Discover Poland» (па-бел. «Адкрый Польшчу»). Яна закліканая прасоўваць польскую культуру і гісторыю, а пасля адкрыцця межаў заахвоціць турыстаў наведаць Польшчу.

Кожны з Польскіх інстытутаў на сваім сайце праводзіць уласную кампанію. Дыпламаты заахвочваюць пазнаёміцца з польскай музыкай, гісторыяй ці нават нацыянальнай кухняй. У Інтэрнэце таксама можна знайсці тэматычныя камп'ютарныя гульні для дзяцей і курсы польскай мовы.

Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Шымон Шынкоўскі вэль Сэнк паведаміў, што асноўным адрасатам акцый павінны быць людзі, якія яшчэ не былі ў Польшчы:

-Даследаванні грамадскай думкі ў краінах Еўропы ясна паказваюць, што пазітыўнае меркаванне пра Польшчу, жаданне прыехаць сюды дамінуе сярод тых, хто ўжо знаёмы з нашай краінай. Адпаведна, мы хочам зацікавіць Польшчай тых, хто наагул не знаёмы з нашай краінай.

Намеснік кіраўніка МЗС таксама заявіў, што адначасова запушчаныя новыя сайты Польскіх інстытутаў. Яны даступныя на мясцовых мовах.

IAR/эж