Некалькі дзясяткаў чалавек зладзілі пікет перад сядзібай польскай авіякампаніі LOT у Варшаве. Супрацоўнікі кампаніі пратэставалі супраць прапаноў па зніжэнні заробкаў.
Згодна з прапановамі кіраўніцтва LOT, штатныя пілоты павінны зарабляць да васьмі тысяч злотых у месяц (каля $2 тысяч), а бартавы персанал – да трох тысяч (каля $770).
Чальцы прафсаюзу супрацоўнікаў LOT дамагаюцца ў тры разы вышэйшых заробкаў за тыя, якія прапануюць улады кампаніі. Яны таксама не пагаджаюцца адобрыць двухгадовы тэрмін скарачэнняў.
Прадстаўнік праўлення LOT, Кшыштаф Мачульскі сказаў, што кіраўніцтва кампаніі робіць усё для падтрымання бягучага ўзроўню занятасці. Кшыштаф Мачульскі адзначыў, што прапановы тычацца мінімальнай заработнай платы, якая будзе вышэй у выпадку актыўнай працы на борце самалётаў. Ён таксама падкрэсліў, што кіраўніцтва кампаніі робіць усё для падтрымання занятасці на тым жа ўзроўні, што і да пачатку пандэміі. Адсюль і прапанова аб часовым зніжэнні заробкаў.
У сярэдзіне сакавіка польская авіякампанія LOT прыпыніла рэгулярныя пасажырскія рэйсы. Прычынай стала пандэмія каранавіруса. Некаторыя ўнутраныя рэйсы былі адноўлены з першага чэрвеня. Частка міжнародных трасаў могуць быць адноўлены ў ліпені.
яс