Беларуская Служба

Канцылярыя прэзідэнта падсумавала ўрадаванне Анджэя Дуды

12.06.2020 09:38
За апошнія пяць гадоў Анджэй Дуда здзейсніў 109 афіцыйных замежных візітаў і прыняў 166 візітаў замежных дэлегацый у Польшчу.
.
А. ДудаPAP/Grzegorz Michałowski

Сярод дасягненняў кіраўніка дзяржавы пералічаныя сярод іншага стварэнне ініцыятывы Трохмор'я, 109 афіцыйных візітаў за мяжу і распрацоўка нацыянальнай анкалагічнай стратэгіі. Пяцігадовы тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта Анджэя Дуды пачаўся 6 жніўня 2015 года з моманту прыняцця прысягі перад Нацыянальным сходам.

Канцылярыя прэзідэнта ўдакладняе, што за апошнія пяць гадоў Анджэй Дуда здзейсніў 109 афіцыйных замежных візітаў. За гэты час было прынята 166 візітаў замежных дэлегацый у Польшчу, заключана 78 міжнародных пагадненняў, ратыфікавана і абвешчана 370 міжнародных дамоў.

Сярод дасягненняў дзеючага прэзідэнта на міжнародным форуме згадвалася ўмацаванне альянсу з ЗША, стварэнне ініцыятывы Трохморʼя і актыўная пазіцыя Польшчы ў ААН.

У галіне ваеннай бяспекі прыярытэтамі Анджэя Дуды былі: працяглая прысутнасць войскаў НАТА ў Польшчы, падтрымка тэхнічнай мадэрнізацыі польскага войска (у тым ліку набыццё сістэм Patriot і HIMARS, верталётаў Black Hawk, самалётаў F-35), рэформа сістэмы кіравання і камандавання Узброенымі сіламі Польшчы і стварэнне Войскаў тэрытарыяльнай абароны.

У Канцылярыі прэзідэнта нагадалі таксама, што ў чэрвені 2019 года лідары Польшчы і ЗША падпісалі «сумесную заяву прэзідэнтаў аб супрацоўніцтве ў абароннай у галіне і прысутнасці Узброеных сілаў ЗША на тэрыторыі Польшчы», а ў верасні 2019 года Анджэй Дуда і Дональд Трамп падпісалі сумесную дэкларацыю аб паглыбленні супрацоўніцтва ў абарончай палітыцы. У сваю чаргу, у траўні 2020 года была зацверджана новая стратэгія нацыянальнай бяспекі Польшчы.

PAP/эж