Паўмільёна злотых падтрымкі атрымаў Музей „Аўшвіц-Біркенау” ад амаль дзвюх тысяч ахвяравальнікаў з усяго свету. Нагадваем, з пачатку пандэміі каранавіруса мемарыял змагаецца з фінансавымі праблемамі. З-за адсутнасці наведвальнікаў установа страціла самую вялікую крыніцу фінансавання.
„Менавіта таму мы звярнуліся за фінансавай падтрымкай нашай дзейнасці", - тлумачыць дырэктар музея Пётр Цывіньскі (Piotr Cywiński).
Эфект ёсць. Людзі з Польшчы, Еўропы і ўсяго свету ахвяравалі сродкі. Мы таксама выкарыстоўваем іншыя спосабы. Міністэрства культуры павялічыла для нас субсідыю, мы звяртаемся за сродкі з Антыкрызіснага шчыта. Фонд „Аўшвіц-Біркенау” у гэтым годзе падвоіў свой фінансавы ўклад. Мы робім усё магчымае, каб дачакацца лепшага часу.
Збор ахвяраванняў па-ранейшаму працягваецца. Падтрымка дазволіць працягнуць некаторыя адукацыйныя, навуковыя, выставачныя і выдавецкія праекты музейнай установы. У цяперашні час музей рыхтуецца да адкрыцця. Верагодна, гэта адбудзецца 1 ліпеня.
Нагадваем, тэрыторыя былога нямецкага канцлагера „Аўшвіц-Біркенау” унесена ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Сёння ў Польшчы адзначаецца Нацыянальны дзень памяці ахвяраў нямецка-фашысцкіх лагераў канцэнтрацыі і знішчэння. Гэта таксама 80-я гадавіна першага транспарту палякаў у канцлагер „Аўшвіц-Біркенау”.
Нацыянальны дзень памяці ахвяраў нямецка-фашысцкіх лагераў канцэнтрацыі і знішчэння быў устаноўлены Сеймам Польшчы ў 2006 годзе.
аз