Беларуская Служба

Пасол Ізраіля ў Польшчы: Ізраільска-польскіх адносін нельга зводзіць выключна да гісторыі

19.06.2020 12:01
Пасол Ізраіля ў Польшчы Аляксандр Бэн-Цві лічыць, што ў польска-ізраільскіх адносінах трэба глядзець у будучыню.
Flaga Izraela
Flaga IzraelaRi_Ya/pixabay.com/CC0 Public Domain

„Польска-ізраільскія адносіны добрыя. Сёння, калі ў нас у Ізраілі новы ўрад і мы пасля вельмі плённай размовы паміж ізраільскім і польскім міністрамі замежных спраў. Мы рухаемся наперад”, - заявіў у інтэрв’ю Польскаму радыё 24 пасол Ізраіля ў Польшчы Аляксандр Бэн-Цві.

Нагадваем, 2 чэрвеня міністр замежных спраў Яцэк Чапутовіч (Jacek Czaputowicz) правёў тэлефонную размову з нядаўна прызначаным міністрам замежных спраў Ізраіля Габі Ашкеназім. Міністры заявілі пра жаданне актывізаваць супрацоўніцтва ў асобных галінах пасля заканчэння пандэміі COVID-19.

На думку пасла Ізраіля ў Польшчы, адносіны паміж краінамі добрыя, але яны не павінны зводзіцца выключна да гісторыі.

-Мы павінны гаварыць пра гісторыю габрэяў у Польшчы, якой ужо тысяча гадоў. Былі добрыя і дрэнныя часы, але казаць толькі пра мінулае - памылка. Мы павінны памятаць пра гэта, мы павінны над гэтым працаваць, гісторыкі павінны вывучаць гісторыю і мы не павінны забываць пра яе. Але рабіць з гэтага план на будучыню - гэта было б памылкай. Мы павінны засяродзіцца на тым, што нас аб'ядноўвае, а аб’ядноўвае нас шмат: у нас агульныя палітычныя, эканамічныя, культурныя і турыстычныя інтарэсы. Мы павінны засяродзіцца на гэтым. Нейкія напружанні – гэта ўжо мінулае, - сказаў госць Польскага радыё 24.

На пытанне пра справу патрабавання габрэямі вяртання былой маёмасці ў Польшчы пасол адказаў: „Я думаю, што, калі ўзнікне праблема, спецыялісты павінны сесці і размаўляць(…). Аднак, гаварыць пра гэта ў сродках масавай інфармацыі і рабіць з гэтага галоўны пункт у адносінах паміж Польшчай і Ізраілем, альбо Польшчай і габрэямі, гэта памылка”, - адзначыў Аляксандр Бэн-Цві.

аз