Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

МЗС Польшчы: Апошняе чаго мы хочам, гэта самаізаляцыя Беларусі

19.08.2020 08:25
Сёння падчас відэаканферэнцыі сітуацыю ў Беларусі абмяркуюць кіраўнікі краін ЕС.
       .
Намеснік кіраўніка Міністэрства замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач.Foto: Foto: Marcin Dławichowski/IAR

Польскі ўрад хоча, каб Еўрапейскі Саюз заклікаў беларускія ўлады пачаць дыялог з пратэстуючымі грамадзянамі. Сёння падчас відэаканферэнцыі сітуацыю ў Беларусі абмяркуюць кіраўнікі краін ЕС.

Намеснік кіраўніка Міністэрства замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач(Marcin Przydacz) нагадаў, што ўрад у Варшаве ад пачатку крызісу ў Беларусі заклікаў да абмеркавання гэтага пытання на форуме Еўрапейскага савета.

„Мы хочам, каб Еўрасаюз з найвышэйшага ўзроўню аднагалосна ацаніў сітуацыю ў Беларусі”, - сказаў віцэ-міністр.

- Мы таксама патрабуем, каб Еўрасаюз заклікаў улады ў Мінску да дыялогу з грамадствам. Мы лічым, што кожная ўлада павінна прыслухоўвацца да голасу грамадства і рэагаваць у выглядзе дыялогу. Мы ў гэтым асабліва зацікаўленыя, паколькі  дыялог можа давесці да стабілізацыі сітуацыі ў нашага ўсходняга суседа.

На мінулым тыдні прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі прадставіў у Сейме план падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці. Марцін Пшыдач нагадаў, што  таксама Еўрапейскі Саюз мае свае інструменты, у тым ліку, санкцыі.

- Польшча, як суседняя краіна, асабліва зацікаўленая ў стабільнай, прадказальнай Беларусі. Апошняе чаго мы хочам, гэта самаізаляцыя Беларусі, паколькі ў гэткай сітуацыі ёй застаецца адзін партнёр – Расійская Федэрацыя. Між тым, цягам апошніх гадоў мы бачылі, як Расія аказвае ціск на Беларусь з мэтай пазбавіць яе часткі суверэнітэту.   

„Беларусы самі павінны вырашаць пра будучыню сваёй дзяржавы”, - падкрэсліў Марцін Пшыдач.

Польшча і частка іншых еўрапейскіх краінаў, а таксама ЗША лічаць, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не адпавядаюць міжнародным стандартам, і патрабуюць іх паўтарэння. Два дні пасля выбараў Еўрапейскі Саюз сцвердзіў, што выбары не былі ні свабоднымі, ні сумленнымі.

У адпаведнасці з рашэннем міністраў замежных спраў ЕС пачалася праца над санкцыямі, якія павінны закрануць вінаватых у гвалце і фальсіфікацыі вынікаў галасавання.

Нагадваем, у Беларусі ўжо больш за тыдзень праходзяць акцыі пратэсту супраць афіцыйных вынікаў выбараў. Іх удзельнікі патрабуюць таксама  адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.

аз