У Камараве на ўсходзе Польшчы сёння пачынаецца адзначэнне 100-годдзя кавалерыйскай бітвы, якая адбылася 31 жніўня 1920 году падчас польска-бальшавіцкай вайны. Польскія ўланы, пад камандаваннем Юліуша Румля (Juliusz Rómmel), перамаглі значна большую па сілах Першую конную армію Сямёна Будзённага. Гэта было самае буйное змаганне кавалерыстаў у часы вайны.
«Спектакль, якога Еўропа ўжо больш не ўбачыла», – напісаў пра бітву брытанскі гісторык Норман Дэйвіс.
Бітва пад Камаравым стала прарывам для лёсу вайны на паўднёвым фронце і была другім найбольш значным ваенным поспехам Войска польскага ў барацьбе з Чырвонай арміяй, пасля Варшаўскай бітвы.
У бітве змагаліся славутая Першая конная армія Будзённага і польская Першая дывізія пад камандаваннем палкоўніка Юліуша Румля. Палякаў было паўтары тысячы, расіян у чатыры разы больш – звыш шасці тысяч. Армія Будзённага мела дурную славу па прычыне зверстваў у адносінах да мірнага насельніцтва. Бальшавікі пазбягалі вялікіх бітваў, стараючыся знайсці слабыя месцы ў польскай абароне і прарвацца наперад.
ПР/нг