Ужо роўна тыдзень у эфіры Першай праграмы Польскага радыё гучаць навіны па-беларуску. Выданні рыхтуюць журналісты Беларускай службы Польскага радыё, Праграмы для замежжа.
На думку эксперта па пытаннях сродкаў масавай інфармацыі Паўлюка Быкоўскага, перадачы на беларускай мове ў эфіры Польскага радыё маюць вялікае значэнне ў сённяшняй сітуацыі Беларусі.
- Калі адключылі інтэрнэт, узнік сур’ёзны недахоп у доступе да альтэрнатыўнай інфармацыі. Людзі, асабліва ў сельскай мясцовасці, а таксама тыя, хто выязджае на лецішча, сутыкаюцца з тым, што ім вельмі складана атрымаць інфармацыю.
Паўлюк Быкоўскі дадае, што яшчэ з савецкіх часоў у Беларусі захавалася мода слухаць замежныя радыёстанцыі.
- Людзі, прынамсі больш сталага веку, маюць доступ да радыёхвалі. Яны маюць радыёпрымачы і ведаюць, дзе шукаць інфармацыю. На доўгіх хвалях гэта даступна на ўсёй Беларусі.
Нагадаем, з 9 жніўня, калі адбыліся прэзідэнцкія выбары, у Беларусі працягваюцца масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання. З таго часу ўлады перакрываюць доступ да незалежных сайтаў у інтэрнэце, у кіёскі не пастаўляюцца некаторыя незалежныя друкаваныя выданні. Таму радыё застаецца самым простым спосабам атрымаць інфармацыю.
У. Пац/нг