Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

З сённяшняга дня ў Польшчы дзейнічаюць новыя санітарныя абмежаванні

17.10.2020 08:30
Амаль палова тэрыторыі Польшчы апынулася ў чырвонай эпідэмічнай зоне.
        .
Амаль палова тэрыторыі Польшчы апынулася ў чырвонай эпідэмічнай зоне. PAP/Darek Delmanowicz

З сённяшняга дня ў Польшчы дзейнічаюць новыя санітарныя абмежаванні, якіх мэта- стрымаць распаўсюд каранавіруса. Яны датычаць транспарту, працы школ, рэстаранаў, спартыўных аб’ектаў і крамаў, а таксама рэлігійных цырымоніяў.

Пасля таго, як тыдзень таму тэрыторыя ўсяе Польшчы стала жоўтай эпідэмічнай зонай, у краіне трэба абавязкова закрываць рот і нос у грамадскіх месцах, будынках і ў транспартных сродках.

З сённяшняга дня 152 паветы ў Польшчы, гэта значыць амаль палова краіны, стануць так званай чырвонай зонай, дзе ўведзеныя яшчэ больш жорсткія меры эпідэміялагічнага кантролю. У гэтую зону былі ўнесеныя таксама гарады: Беласток, Быдгашч, Гданьск, Кельцы, Кракаў, Люблін, Лодзь, Ольштын, Познань, Жэшаў і Варшава.

Па ўсёй краіне рэстараны і бары могуць працаваць з 6.00 да 21.00, а занятая можа быць толькі палова месцаў. Дыскатэкі і начныя клубы зачыненыя, прыпынена дзейнасць басейнаў, аквапаркаў і трэнажорных залаў.

Колькасць пасажыраў у грамадскім транспарце абмежаваная да 50 працэнтаў сядзячых месцаў альбо 30 працэнтаў усіх месцаў.

Спартыўныя мерапрыемствы будуць праходзіць без удзелу публікі, а падчас культурных можа быць занята максімум чвэрць месцаў для гледачоў. У выпадку мерапрыемстваў на свежым паветры паміж удзельнікамі трэба захаваць дыстанцыю, як мінімум, паўтара метра.

У жоўтай зоне сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы пераходзяць на гібрыдную форму навучання, а ў чырвонай зоне – на дыстанцыйную.

У чырвонай зоне таксама ёсць дадатковыя абмежаванні. Найважнейшая з іх датычыцца гандлю. У крамах плошчай да 100 квадратных метраў уведзены ліміт - 5 чалавек на адну касу. У буйных гандлёвых цэнтрах - 1 чалавек на 15 квадратных метраў.

У чырвонай зоне ў рэлігійных урачыстасцях можа ўдзельнічаць адзін чалавек на 7 квадратных метраў. У жоўтай - ліміт складае адзін чалавека на 4 квадратныя метры.

У чырвонай зоне максімум 10 чалавек могуць удзельнічаць у грамадскіх сходах, у жоўтай - да 25 чалавек.

аз