У Польшчы будзе выдадзены спецыяльны каляндар з фатаграфіямі медыкаў, якія лечаць хворых на каранавірусную інфекцыю. 17 лекараў з бальніц у Малапольскім ваяводстве, якія змагаюцца з эпідэміяй, будуць прадстаўленыя ў вобразе казачных персанажаў у незвычайным календары пад назваю «Лекары як з казкі». Даход ад продажу календара будзе прызначаны на набыццё сродкаў індывідуальнай абароны для супрацоўнікаў шпіталей.
Барацьба з пандэміяй, якая прымусіла дактароў насіць маскі ды ахоўныя камбінезоны, парушыла нармальныя адносіны паміж лекарамі і пацыентамі, – кажа ініцыятар календара Марцін Мікас з Фундацыі грамадскага здароўя і віцэ-дырэктар шпіталя ў Кракаве.
- Трэба паказаць, што пад гэтымі маскамі прыхаваная ўсмешка, дабрыня, ветлівасць лекара. Яму таксама цяжка, ён зусім не марыць, каб працаваць у такіх умовах, камбінезонах і масках. Мы здымаем з лекараў гэты панцыр і пераапранаем іх у казачныя персанажы. Мы ведаем, што ўсмешка, зычлівасць застаюцца ў дактароў, супрацоўнікаў бальніц.
Фатаграфічная сесія пройдзе ў Тэатры Groteska, які адказвае таксама за падрыхтоўку касцюмаў для лекараў.
IAR/нг